Больш за 30 калектываў выступілі ў Гародні на ІІІ мініфэсце вулічнага мастацтва. У гэты дзень гарадзенцы пабачылі вулічны інтэрактыўны тэатр “Вусы”, эксперыментальны тэатр “EYE”, прыватны тэатр лялек, тэатр святла і цені “Дом Сонца”, адэкватны тэатр “вКубе” і інтэрактыўны “Тэатр 42”. Кожны ахвотны змог патанцаваць з харэаграфічнымі калектывамі ці запусціць паветраных цмокаў пад музыку дыджэяў.
Гарадзенскі клуб сальсы паказаў майстар-клас па гэтым лацінаамерыканскім танцы. Далучыліся да танцулек нават самыя маленькія дзеткі, а самаму старэйшаму было за 60.
Расказвае арганізатарка, прадстаўніца тэатра агню “Ergo Bibamus” Настасся Роўба:
— Сёлета ўдзельнікаў значна больш за папярэднія гады. Да нас прыехала шмат вулічных тэатраў з Мінска, гэта для нас навінка. Мэта фестывалю — папулярызацыя сучасных напрамкаў культуры, у тым ліку вулічнай, сярод моладзі.
Па словах Настассі Роўбы, сёлета прыйшло няшмат гледачоў, і гэта звязана з Х фэстам нацыянальных культур. Аднак бліжэй да вечара колькасць людзей павялічылася, бо праграма другога дня Х фестывалю нацыянальных культур скончылася а 18-й. Скончыўся фэст уночы паказам майстроў агню.
Андрэй Мялешка