Thrill у перакладзе з англійскай мовы – трымценне, хваляванне, нервовая дрыготка. Гэты жанр можна назваць адным з найбольш распаўсюджаных у кінаіндустрыі. Людзі прагнуць рэзкіх нечаканасцяў, унутранага напружання, выбухаў эмоцый. Тое, чаго не стае штодня. І кіно шчыра адорвае гэтым. З экранаў жанр трылера перайшоў на сцэну, у тым ліку на віцебскую. На гэтым тыдні, 21 і 22 студзеня, у Нацынальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа адбылася прэм’ера псіхалагічнага трылера «Я вольны!» паводле рамана Амелі Натомб «Касметыка ворага». Амелі Натомб – на сёння адна з самых папулярных франкамоўных пісьменіц. Гугл падкажа!
Шчыра кажучы, спачатку дрыжыкаў зусім не ўзнікае, наадварот: першыя хвілін дваццаць гледачы смяяліся (а спектакль ідзе ўсяго з гадзіну). Нейкі прыліпала, мсье Тэкстор Тэксэль распавядае мсье Жэрому Ангюсту пра свае дзіцячыя малітву да Бога забіць аднакласніка, пра паглынанне кацінай ежы… Гэта забаўляе, прысутныя адпаведна адгукаюцца на іронію са сцэне… Аднак паступова сюжэт раскручваецца, напаўняецца развагамі пра Бога, пра ўнутранага ворага, які быццам існуе ў кожным чалавеку, пра забойства маладой жанчыны… Вось тут робіцца не вельмі смешна, і ўжо зусім гледачы напружваюцца (і я разам з імі), калі мсье Ангюст пачынае гаварыць голасам свайго суразмоўцы, працягваючы яго шчырую гісторыю…
Я не раскрыю таямніцу, чым скончыцца гэты дыялог. Няхай у маім меркаванні, як і ў спектаклі, будзе таямніца. Прыходзьце і глядзіце. А вось сказаць некалькі слоў аб прэм’еры сабе дазволю.
Зразумела, што спектакль «Я вольны!» – не тое самае, што трылер ў кіно. Там ёсць буйныя планы, спецэфекты, мантаж, там можна паказаць што заўгодна. Тым больш, глядач адгароджаны ад падзей экранам і ўпэўненасцю, што паказанае наўрад ці адбудзецца ў рэальнасці. У тэатры на сцэне – жывыя людзі. А пляцоўкай для пастаноўкі ў дадзеным выпадку з’яўляецца тэатральная гасцёўня, дзе глядач і акцёр знаходзяцца на адным ўзроўні і нічым фактычным не адмежаваны адзін ад аднаго. Хіба толькі майстэрствам акцёраў і атмасферай, створанай рэжысёрам.
На прэм’еры коласаўцы ігралі даволі праўдзіва, і было бачна, што многія ў зале на 100 чалавек захапляюцца відовішчам. Уявіце сабе, каб у хвіліну моцнага напружання на іх пабег дзядзька з сякерай ці палілася б быццам бы кроў. Вось 100%, што было б агідна. Хоць і ў пастаноўцы былі адзін-два нечаканыя моманты, якія прымусілі мае каленкі задрыжаць. Не ставала толькі зменаў у святле. Але тут пытанне пэўна да самога тэатра, чым да рэжысёра.
Дарэчы, рэжысёр Аляксандр Дольнікаў – сам беларус, але працуе зараз у Маскве і прыязджае ў родныя мясціны толькі па запрашэнні. Спадзяюся, гэтая яго работа прабудзе на Коласаўскай сцэне не адзін сезон.
Аляксандр Дольнікаў знайшоў для спектакля даволі цікавае рашэнне. Тэкстора Тэксэля, які згодна з раманам з’яўляецца мужчынам, іграе актрыса – Святлана Жукоўская. А яе партнёр, што выконвае ролю Жэрома Ангюста, – яе муж, акцёр Георгій Лойка. Атрымалася вось такая бенефісная пастаноўка на дваіх. Дарэчы, гэта не першы спектакль, дзе акцёры іграюць у пары. Узгадаем, напрыклад, камедыю «Псіхааналітык для псіхааналітыка».
Што яшчэ ўразіла?.. Ну напрыклад, наяўнасць у спектаклі трох (!) фіналаў. Для нашага, не заўсёды падрыхтаванага гледача гэта стала лёгкім канфузам. Я, сапраўды, налічыў – тры. Для тых, хто жадае паспрачацца, унізе старонкі ёсць каментары.
Пасля завяршэння асноўнага дзеяння (1-ы) акцёры тлумачаць, што ж насамрэч адбылося, – згодна з сюжэтам Амелі Натомб. Гэта так званы эпілог (2-і). Другая хваля воплескаў спыняецца прагортваннем слайдаў, якія адлюстроўваюць любоў-каханне ў розных варыяцыях (3-і). Ці варта было рабіць такое? Я так канчаткова і не вызначыўся. Трэба будзе яшчэ раз паглядзець «Я вольны!». Увогуле, рэжысёр – мастак, а значыць мае права. Няхай карыстаецца: пазбаўляць не будзем.
Застаецца адказаць на апошняе пытанне, закладзенае ў назве пастаноўкі: ці сталі галоўныя героі ўрэшце вольнымі? Напэўна, не, не сталі. Калі выйсці за рамкі пастаноўкі і перанесці ўмовы ў рэальнае жыццё, то я мяркую – таксама наўрад ці. А мастацтва хоць і бярэ сюжэты, задумкі, вобразы з рэальнага жыцця, усё ж такі застаецца мастацтвам. Некаторыя гледачы гэтага не разумеюць, таму і маюць сумневы: ці ёсць ува мне ўнутраны вораг? Як кажуць псіхатэрапеўты-прафесіяналы, няма здаровых людзей. «Ну і добра, што няма, – думаю я. – А чым жа вам тады было б на жыццё зарабляць?» Напэўна, селі б за пісьмовы стол і пачалі ствараць адпаведныя літаратурныя творы, як гэта робіць Амелі Натомб. Ці выйшлі б на сцэну, як артысты Коласаўскага тэатра.
Што б ні казалі, спектакль «Я вольны!» мне даспадобы. Ён вымумае думаць, напружваць мазгі, аналізаваць сябе і наваколле… Новая пастаноўка яшчэ раз пацвердзіла маё меркаванне: тэатр – не месца для забавы, тэатр – прастора для мыслення.
Цытаты:
Няважна, колькі ты забіў – аднаго чалавека ці сотню. Варта забіць аднаго, а потым можна забіць і сотню.
А я веру ў ворага. Я веру ў яго, бо ён безупынку, удзень і ўначы, блытаецца ў мяне пад нагамі. Ён высвечвае ўсё, што ёсць у вас самага ганебнага, а разам з тым і подласць вашых сяброў. Гэты вораг можа прымусіць вас ненавідзець самога сябе.
Калі вы жадаеце, каб я замаўчаў, размаўляйце самі. Запомніце гэты прынцып. Ён можа вас уратаваць.
Такія людзі, як ты, навучыліся цудоўна жыць не думаючы. Бо ў жыцці столькі нагодаў для хваляванняў, а тут яшчэ тваё маленькае «я» час ад часу задае непрыемныя пытанні. Навошта думаць? Няхай думаюць іншыя: філосафы, паэты, палітыкі. Так жыць больш зручна.
Тэкст: Віктар Сербін, vitebsk4.me, Фота: kolastheatre.by