Два тыдні таму ў калекцыю фотадакументаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея былі перададзены новыя прадметы. Сярод фатаграфій – тры партрэты Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна (2005 г.), а таксама партрэты Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава рознага перыяду: перад ад’ездам у Хельсінкі (1998 г.), у гасцях у драматурга Мікалая Матукоўскага (2000-2001 гг.), з Рыгорам Барадуліным (май 2003 г.). Аўтар здымкаў – журналіст Сяргей Шапран.
Увагу прыцягнуў надпіс на адваротным баку здымка з выявай Рыгора Барадуліна: «А гэта я яшчэ жывы!». Фатаграфія зроблена ў 2005 годзе. Як не ўзгадаць радкі верша: «Пакуль жывеш, развітвайся з жыццём…»
Сёння Рыгора Барадуліна і Васіля Быкава няма сярод жывых. Але яны ёсць у Беларусі. Як ёсць Максім Багдановіч, Янка Купала, Уладзімір Караткевіч і многія іншыя.
Здымкі Сяргея Шапрана плануецца прадставіць на выставе, якая адбудзецца напрыканцы мая ў віцебскім краязнаўчым музеі з нагоды 90-гадовага юбілею Васіля Быкава.