Электрычнае святло ёсць цяпер у кожным доме, а сто гадоў таму яно было для абраных. Пра гісторыю гарадзенскай электрастанцыі і планы адкрыцця ў горадзе трамвайнага руху расказвае гісторык Андрэй Вашкевіч. Андрэй кажа, што 12 снежня 1912 года электрастанцыя на вуліцы Аляксандраўскай (цяпер Будзённага) падала на горад першы ток.
— Дык а чаму не з’явіўся ў Гародні трамвай?
— Да адкрыцця ў гародзе трамвайнага руху справа не дайшла. А ў дакладзе гарадской думы аб выніках першых месяцаў дзейнасці гарадской электрастанцыі, між іншым, гаварылася, што электрастанцыя вельмі эфектыўная і што існуе магчымасць пракласці трамвайную лінію ад чыгуначнага вакзала да параходнай прыстані на Нёмане.
— А чаму не зацвердзілі гэты праект?
— Я думаю, не было патрэбы. Сэнс трамвайнай лініі быў у тым, каб вазіць турыстаў, якія прыязджалі з розных куткоў Расійскай імперыі, у Друскенікі (сучасны літоўскі Друскінінкай). У Друскеніках на той час чыгункі не было: ветка ад Парэчча да Друскенік з’явілася толькі ў 1934 годзе. Тыя, што прыязджалі ў Гародню, павінны былі ехаць аўтобусам з Парэчча, і гэта быў ці не першы аўтобусны маршрут у нашых ваколіцах: ён з’явіўся яшчэ пры цары. Іншы шлях да Друскенік — гэта высядаць ў Гародні і плыць параходам.
— Вяртаючыся да электрастанцыі — якой яна была спачатку?
— Гэта былі два дызельныя рухавікі, якія выпрацоўвалі пастаянны ток. Два рухавікі сістэмы Дызель былі ў стане забяспечыць 120 вулічных электрычных ліхтароў горада і 8000 лямпачак абанентаў. Гэты ток перадаваўся на невялікія адлегласці ў некалькі кварталаў. Таму і электрастанцыю будавалі ў зручным месцы: яна стаяла на сучаснай вуліцы Будзённага. Галоўнай мэтай было абслужыць вайсковыя казармы, што знаходзіліся праз чыгунку. (Яны і цяпер знаходзяцца ў Гародні на сучаснай вуліцы Чырвонаармейскай). Асвятляла старая электрастанцыя фактычна гістарычны цэнтр горада да вуліцы Замкавай.
— Калі электрастанцыя мадэрнізавалася?
— Пасля Першай сусветнай вайны пачалі пераходзіць на пераменны ток, і дзеля гэтага пачалі стварацца падстанцыі. За ўвесь міжваенны перыяд было створана каля 10 падстанцыяў. Да сённяшняга часу захавалася толькі адна. Электрычнасць у той міжваенны час даходзіла да аддаленых раёнаў Фолюш і Сабачая Горка. Забяспечвалася токам і старая тытунёвая фабрыка. Фактычна ўвесь тагачасны горад быў ахоплены электрычнасцю.
— Што змянілася ў Гародні пасля Другой сусветнай вайны?
— Электрастанцыя працавала яшчэ да пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. У нас з’явіліся іншыя магчымасці — напрыклад, у горадзе была ТЭЦ-2. Як вядома, яе мадэрнізавалі ў міжваенны час: спачатку палякі паставілі рухавік, потым з’явілася турбіна, потым яе перавялі на вугаль.
— А перавод на такое паліва, як вугаль, быў на той час выгадны?
— Так, зразумела — гэта было вельмі выгодна. У канцы 30-х гадоў былі планы зрабіць вельмі магутную станцыю, якая б забяспечвала электрычнасцю ваколіцы горада, але яны не рэалізаваліся.
Самая старая гарадзенская электрастанцыя была зруйнаваная ў 2009 годзе, і на памяць пра тых людзей, што тут працавалі, засталося толькі некалькі фотаздымкаў. А выстава пра прамысловасці Гародні — гэта ўвогуле толькі мара, якая, хутчэй за ўсё, адно марай і застанецца.
Размаўляў Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі