21.12.2016 | Грамадства Замежжа У краіне

Чаму варта захаваць “Белсат”? Эксперты тлумачаць на пальцах!

У сувязі з сітуацыяй, якая склалася вакол тэлеканала “Белсат”, неабходна патлумачыць, чаму гэты канал важны для Беларусі, беларускай мовы і культуры.

Белсат

Каб разабрацца ў гэтым, мы зрабілі невялікі дайджэст з выказваннямі вядомых у Беларусі людзей і адмыслоўцаў адносна таго, чаму неабходна захаваць тэлеканал “Белсат”.

Міхал Анемпадыстаў, дызайнер:

Рэакцыя на закрыццё “Белсата” яшчэ раз прадэманстравала нашу няздольнасць думаць нацыянальнымі інтарэсамі і абараняць іх. Нават там, дзе нічога не трэба рабіць, проста выказаць сваю салідарнасць, пацвердзіць патрэбу ў існаванні праекта. Я не веру ў тое, што мы настолькі абмежаваныя ў разумовых здольнасцях, што не ў стане зразумець элементарных рэчаў — тое, што чым болей гульцоў на беларускім баку медыйнага поля, тым яно мацнейшае, што шырокая і розная медыйная прастора неабходная для нармальнага функцыянавання культуры, мовы, палітыкі, думкі. Што тое, што вакол адбываецца, трэба дакументаваць для гісторыі і асэнсоўваць у публічнай прасторы для саміх сябе. “Белсат” даваў такія мажлівасці. Прычым за грошы польскага падаткаплацельшчыка, дзякуй яму за гэта. Дык нават так нам не трэба! Бо не так і не тое. Мы лепей скінемся на сваё. Не скінемся. Мы нават тое, што мелі, не змаглі ўтрымаць. Падумаеш, канал. Значна важней паказаць уласную арыгінальную пазіцыю, важней абмяркоўваць тэзісы, што ў “Белсаце” не так, чым у патрэбны момант проста паставіць ім лайк. Мы так моцна не любім сваё і сваіх, што любая нагода пхнуць нагой — для нас Свята. Асабліва тых, хто нешта робіць. Цяпер гэта стала рабіць яшчэ лягчэй, бо замест звычайнай людскасці і годнасці на першым месцы стаіць культура дыскусіі і права на ўласны пункт гледжання. І гэта тое, што нам трэба! Цяпер нашыя цёмныя подлыя рысы набылі элегантны ліберальны глянец. Зацкаваць Чмыра і Кацю мы можам. Выцягнуць з-за кратаў Пальчыса, ці ўратаваць “Белсат” — не. А хочам будаваць краіну. З канапы. З дапамогай каментаў, што і хто зрабіў не так і якія казлы палітыкі, што яны чарговы раз не дамовіліся. А мы такія харошыя, разумныя, чэсныя. Ціпа. Без саплей.

Alaksandar Milinkevich

Аляксандр Мілінкевіч, палітык:

Ліквідацыяй “Белсата” Варшава прайграе барацьбу на беларускім інфармацыйным полі Маскве. Астатняе зробіць Камуністычная партыя Беларусі, лідар якой пару дзён таму стаў міністрам адукацыі. “Русский мир” святкуе.

Сяргей Харэўскі, мастацтвазнаўца:

Ёсць яшчэ багата няўлічаных фактаў. “Белсат” можна глядзець (і глядзяць!) у Берліне, Празе, нават у Кішынёве і ў далёкай Тыране… “Белсат” — гэта таксама ўнікальныя кінадакументальныя і культурныя праекты. А перадусім — магчымасць прафесійнае рэалізацыі і практычнага навучання для вялікага кола людзей. Гэта захаванне нашага інтэлектуальнага патэнцыялу, кваліфікацыі тэлевізійшчыкаў. Не разумець гэтага — тое самае, што адмаўляць патрэбу ў фінансаванні навукі ці музеяў. Маўляў, давайце, самі складайцеся на Акадэмію навук ці Нацыянальны музей… Можна быць самотным мастацтвазнаўцам, музыкам, паэтам, мастаком. Але пакуль немагчыма забяспечыць на валанцёрскіх пачатках легальнае існаванне цалкам незалежнае медыйнае ці акадэмічнае інстытуцыі ў нашай краіне! Пры тым, заўважу, пра што маўчаць глумлівыя зласліўцы — “Белсат” працуе ў Беларусі фактычна падпольна! Бо не мае акрэдытацыі! Ці ўяўляў сябе хто на месцы рэпарцёра ці аператара, якім увесь час трэба азірацца, а пасля на фактычна канспіратыўных адрасах нешта дарабляць? Як можна адэкватна параўноўваць гэты праект з іншымі праектамі, што існуюць прынамсі афіцыйна? А тэлевізія — вельмі дарагі праект, што мусіць існаваць за кошт рэкламы. І як вы сабе ўяўляеце эфектыўную рэкламу на нелегальным тэлебачанні? У святле сённяшняй сітуацыі знікненне “Белсата” стане чарговай катастрофай. Людзі, кожны паасобку, урэшце дадуць сабе рады, але не ў гэтай сферы, не на гэтай мове і, бадай, не ў гэтай краіне. Каб зноў сабраць такі калектыў і падрыхтаваць уласныя кадры, спатрэбяцца гады, доўгія гады…

zmicer_mickevich

Зміцер Міцкевіч, эксперт BSBlog:

Калі палякі вырашылі знішчыць “Белсат, то гэта яшчэ адзін знак, што ў палітыцы ў іх, як і сто гадоў таму, кіруюць беспрасветныя рамантыкі. А палітычная рамантыка, як вядома, нічым добрым не заканчваецца. Вось так, напрыклад, польскія палітыкі шчыра вераць у тое, што, закрыўшы “Белсат”, яны адразу атрымаюць ад Беларусі магчымасць уключыць у нашыя сеткі TV Polonia. І будуць мясцовыя палякі ведаць, што ў радзімай Польшчы робіцца, ды пранікацца польскім духам. Але тут ёсць два нюансы.

Па-першае, калі нехта палякам нешта паабяцаў, то абсалютна не факт, што гэта будзе зроблена. Не раз ужо такое праходзілі. Але ж рамантыкі шчыра ў гэта вераць.

Па-другое, у “Белсата” ў Беларусі ёсць вялікая аўдыторыя, якая пастаянна пашыраецца, і калі б не было перашкодаў з боку ўладаў, была б значна большай, чым у дзяржаўных СМІ. А вось рэйтынг TV Polonia будзе ў межах статыстычнай хібнасці, бо нафіг нікому не ўпала ў нас польскае ТБ па-польску пра Польшчу.

Чаму? А вось вам цудоўная статыстыка (узятая з артыкула ніжэй) пра так званых “палякаў” на Беларусі, пра якіх так клапоцяцца старыя PiSаўцы: 58% беларускіх “палякаў” назвалі сваёй роднай мовай беларускую, 34% — рускую, 5% — польскую. То бок сапраўдных палякаў — у межах 15 тысяч. І нават яны будуць глядзець НТВ і РТР, а не панылае TV Polonia з серыяламі сярэдзіны 90-х.

dynko

Андрэй Дынько, шэф-рэдактар “Нашай Нівы”:

Калі браць у гістарычным маштабе, то “Белсат” — гіганцкая інвестыцыя Польшчы ў беларушчыну. Пад 40 мільёнаў даляраў агульная сума. Радыё Свабода, ЕГУ і “Белсат” — гэта, бадай, найбольшыя інвестыцыі Захаду ў беларускую культуру, інфармацыю і навуку за ўсе часы. Гэта пытанне ўжо да беларусаў, як яны выкарысталі інвестыцыі, якія ішлі ім у рукі.

Падтрымаць тэлеканал “Белсат” можна падпісаўшыся пад петыцыяй.

Матэрыял падрыхтаваны паводле допісаў у Facebook.


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика