Свята ўраджаю «Дажынкі-2012» прайшло ў Горках 21-23 верасня. Упершыню рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў беларускай вёскі прайшоў 16 гадоў таму, і з тых часоў правядзенне «Дажынак» стала штогадовай традыцыяй. З кожным годам свята набывае ўсё большыя маштабы: гэтым разам на падрыхтоўку Горак да прыёму «Дажынак» было выдаткавана каля трыльёна беларускіх рублёў.
Фестываль меў прайсці на тыдзень раней, аднак быў перанесены на 21-23 верасня: у Горках не паспявалі падрыхтавацца. Хадзілі чуткі, што фестываль перанясуць яшчэ на тыдзень, аднак гэтага не адбылося, і ўжо 21 верасня Горкі прынялі гасцей з усіх куткоў Беларусі.
Зрэшты, у сам горад гасцей не пускалі — на асабістым транспарце ў Горкі можна было трапіць, толькі паказаўшы пашпарт з мясцовай прапіскай. Усе астатнія павінныя былі пакідаць аўтамабіль на пад’ездзе да горада і дабірацца на грамадскім транспарце. Для гэтага ад стаянкі былі арганізаваныя аўтобусныя маршруты — кожныя 5 хвілін прыезджых падбіралі рэйсавыя аўтобусы. Гасцям у Горках былі, вядома, радыя, але праезд ад месца стаянкі ўсё роўна зрабілі платным.
Усе асноўныя мерапрыемствы таксама праходзілі на галоўнай вуліцы, аднак знайсці іх было дастаткова цяжка, ды і свае гучныя назвы яны не заўсёды апраўдвалі. Так, фестываль піва аказаўся звычайнымі намётамі з півам, канцэрты многіх знакамітасцяў — спевамі на невялікіх пятачках ля намётаў розных прадпрыемстваў.
Як і заўсёды на такіх мерапрыемствах, беларусы маглі закупіцца глінянымі фігуркамі, саломкай, шкарпэткамі, рукавіцамі, драўлянымі вырабамі на год наперад — да наступных Дажынак. На кожным кроку ў вачах мільгала ад багацця прадметаў народнай творчасці. Таксама на кірмашы можна было купіць любую прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў — амаль усе яны былі прадстаўленыя на «Дажынках».
Працавалі і падворкi, што прадстаўлялі кожны край і вобласць Беларусі — усе былі цікавыя і незвычайныя. Хтосьці выстаўляў жывёл, хтосьці — гародніну, хтосьці — вырабы з гліны або дрэва і г.д. Таксама ў кожным падворку можна было паглядзець выступы артыстаў, станцаваць ці праспяваць самому.
У рамках «Дажынак» прайшлі прагляды фільмаў, выставы, паказ мод, КВЗ, і многае іншае, аднак трэба было дакладна ведаць месца і час правядзення мерапрыемстваў, таму што ў шуме складана было зразумець, дзе што адбываецца. Прайшлі асобныя мерапрыемствы і ля новага лядовага палаца, і на новым футбольным полі, і ў кінатэатры — увогуле побач з усімі пабудаванымі або адрэстаўраванымі спецыяльна да свята будынкамі. Аднак большасць гасцей горада ўпадабала менавіта гандлёвыя шэрагі — там можна было і перакусіць, і пацешыцца, і купіць што-небудзь на памяць.
Марыя Гілёва