На працягу тыдня карэспандэнт “ГП” размаўляла толькі па-беларуску
Пятніца.
Агульны праязны
Цудоўная выдалася раніца, сонечная. Да таго ж, 10 верасня час набываць дэкадны праязны. Кандуктар прайшла побач са мной некалькі разоў, перш чым я наважылася нарэшце загаварыць (нават не ўяўляла, што гэта будзе так складана. Як з берага ў ваду зайсці).
— На наступную дэкаду ёсць праязныя? — пытаюся, і, атрымаўшы станоўчы адказ, кажу: — Мне патрэбен агульны.
Паўза. Невядома навошта, удакладняю:
— У сэнсе, на аўтобус і тралейбус.
— Есть, — адказвае і глядзіць на мяне, як падалося, з павагай.
У позірках жа пасажыраў, што знаходзіліся ў радыусе чутнасці, наколькі я паспела заўважыць, у каго зацікаўленасць, у каго варожасць.
Бадзёрым голасам размаўляю па-беларуску з калегамі ў офісе, з чытачамі і рэспандэнтамі па тэлефоне. Інтанацыя слаба суадносіцца з замаруджанасцю гаворкі. Справа ў тым, што словы даводзіцца падбіраць пасля перакладу рускамоўнай думкі на родную мову. Заўважаю, што некаторыя словы ўжываю рускія, але вымаўляю іх на беларускі манер. Прычым яны не складаныя, і каб іх перакласці, асабліва аб’ёмнага тэзаўруса не трэба. “Фамілія”… Які сорам :(
Дзякуй Богу, дома ў мяне ёсць Караткевіч. Прыйшла засмучаная амаль да слёз. Твор выцягнула з назвай якраз пад настрой: “Ладдзя роспачы”. Насамрэч, выпадковае супадзенне, бо са студэнцкіх гадоў люблю аповед пра тое, як Гервасій Выліваха з Рагачова саму смерць у шахматы перайграў, няхай сабе і не без махлярства. Пакрысе, старонка за старонкай, узгадваю словы, сінтаксічныя канструкцыі і, галоўнае, настрой, які патрэбен, каб размаўляць па-беларуску.
Субота.
Злашчасны прыпынак
Гомель святкуе Дзень горада. Не вельмі гэта прыемна, скажу я вам, раз-пораз аказвацца ў цэнтры ўвагі натоўпу. Але ўпарта гутару з сябрамі па-беларуску. Да маіх каментарыяў наконт розных прывабных атрыбутаў рэтрабульвару ці жахлівага выступлення хіп-хоп калектываў прыслухоўваюцца бадай усе, хто знаходзіцца паблізу. Цікава, што юнацтва рэагуе на беларускую гаворку як на нешта незвычайнае (і здаецца, з такім жа поспехам магла б прыцягнуць іх увагу гутаркай на кітайскай ці эсперанта), моладзь з зацікаўленасцю, сталыя людзі не заўважаюць увогуле.
Вечарам, калі вярталася дадому, раптам перайшла на рускую мову, нягледзячы на ўсю сваю рашучасць. Не рызыкнула сказаць у маршрутцы, каб супынілі мне на прыпынку. Бо па ўсім было відаць, што мяне могуць не зразумець ні вадзіцель, ні пасажыры. Было ўжо позна, цёмна, холадна і не хацелася ісці пешшу ці працяглы час чакаць аўтобуса, праехаўшы пункт прызначэння. Выйшла з брыдкім пачуццём: так прыстасоўвацца да абставін і ганебна, і крыўдна.