Учора, 28 студзеня, споўнілася б 70 гадоў беларускаму кінарэжысёру Міхаілу Пташуку, які амаль 11 гадоў таму загінуў у аўтакатастрофе. У Доме кіно прайшоў вечар яго памяці. Вось некаторыя ўспаміны і факты, якія гучалі пра легенду беларускага кінамастацтва падчас імпрэзы.
Пра родную хату
“Калі ў фільме ёсць такі аб’ект, як вясковая вуліца альбо вясковая хата, то я аднаўляю яго паводле сваёй хаты. Мастак часам кажа: “Ды не, так не пойдзе”. Але ў маёй памяці і свядомасці гэтыя куткі пражытыя, абжытыя. Напрыклад, здымаючы карціну “Знак бяды”, мы пабудавалі дэкарацыі хаты Сцепаніды адзін у адзін з маёй, а самае галоўнае — я ўсе карціны здымаў дома – у Ляхавіцкім раёне Брэсцкай вобласці”.
(Міхаіл Пташук, паводле архіўных запісаў)
“Міхаіл сапраўды здымаў нацыянальнае кіно. Ён увасобіў нацыянальную ідэю дома, які паказваў розным — разбураным, з безліччу праблем, у якім, магчыма, няўтульна жыць, але адчувалася ўстаноўка сабраць гэты дом, аднавіць, каб ён заўсёды быў”.
(Людміла Саянкова, мастацтвазнаўца)
Пра маці
“Я з асаблівым трымценнем згадваю яго аповед пра тое, як, калі мама яго састарэла, ён прывёз яе ў Мінск, даглядаў, мыў, насіў на руках. Я проста бачу, як вялікі Міша падымае сваю старэнькую худзенькую маму і клапоціцца як можа”.
(Людміла Саянкова, мастацтвазнаўца)
Пра няспраўджаныя планы
Мала хто ведае, што Пташук напісаў сцэнар пра дзіця, якое прайшло праз савецкае выхаванне, і пра тое, што гэтая ўлада зрабіла з яго асобай. Фільм па гэтым сцэнары так і не быў зняты. Таксама Пташук марыў зрабіць карціну паводле твора Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”. Апошні яго Пташука называўся “Песня Розы” і здымаўся па дамове з амерыканскай кінакампаніяй.
Літаральна за суткі да гібелі Пташук вярнуўся з Амерыкі, дзе два месяцы працаваў у Галівудзе. У яго былі перспектывы працягнуць там працу. Загінуў у аўтакатастрофе па дарозе ў Маскву на ўручэнне прэміі “Ніка”. Яго карціна “У жніўні 44-га..” трапіла ва ўсе асноўныя намінацыі кінапрэміі.
Пра неадназначнасць характару
“Міша быў розны – зручны і нязручны. Гучны, шумны і ціхі, засяроджаны, вельмі сур’ёзны. Вясёлы і сумны, і сум у ім заўсёды адчуваўся, таму што кожная ягоная карціна прасякнутая гэтым сумам. Добра сказаў пра яго актор Міхаіл Ульянаў: “Уж больно хороший мужик он был!” Ён сапраўды быў мужык — вельмі моцны, шчодры, вольны, шырокі, і ў той жа час ён быў дзіцем, вельмі безабаронным і кранальным, і рэагаваў на многія рэчы па-дзіцячаму”.
(Людміла Саянкова, мастацтвазнаўца)
Пра запальчывасць і адыходлівасць
“Пры ўсім нашым сяброўстве і творчым кантакце я адмовіўся здымацца ў фільме Міхаіла “Чорны замак Альшанскі”, мне падаўся слабым, недапрацаваным сцэнар. Але Міша не пакрыўдзіўся на мяне. І была наступная прапанова — роля ў “Нашым браняпоездзе”. Гэтая карціна, складаная, пакутлівая, спрэчная, сталася нашай апошняй з ім працай. Пасля ён прапаноўваў мне граць Сталіна ў «Кааператыве „Палітбюро“», але гэтай прапановы я не прыняў. Калі аўтар сцэнару Яўген Грыгор’еў яго чытаў, я рагатаў, гэта была трагікамедыя, а Міша ператварыў яе ў фарс. Я адмовіўся, і мы пачалі аддаляцца, не разумелі адзін аднаго. Мяняўся час, пачыналася фінальная частка той трагедыі, якая называлася перабудовай, краіна рушылася, я чапляўся за аскепкі Савецкага Саюза, мне дарагая была тая вялікая радзіма. І тут мы разышліся абсалютна. Але веліч і грандыёзнасць Міхаіла ў тым, што ён не растраціў талент у гэты складаны час, гэта выявілася ў фільме “У жніўні 44-га…”, і я быў адным з першых, хто павіншаваў яго з поспехам. Нашыя стасункі зноў пачалі наладжвацца”.
(Уладзімір Гасцюхін, актор)
Пра сіндром чужога сярод сваіх
У 1992 годзе Пташук зняў фільм “Кааператыў “Палітбюро”, альбо Будзе доўгім развітанне”. Ён зняў яго на другі год пасля развалу СССР. Карціна незвычайная, яна не была падобная да яго астатніх фільмаў – так, яна была фарсавая, магчыма, нават у некаторай ступені сатырычная, але за гэтым адчувалася трагедыя людзей, якія выпадалі з новага часу, не знаходзілі сябе. І ў нейкім сэнсе гэта быў фільм пра самога Міхаіла Пташука. Нягледзячы на тое, што ён пры жыцці атрымаў усё — званні, узнагароды, прэміі, павагу, — ён тым не менш адчуваў сіндром чужога сярод сваіх: не заўсёды яго разумелі. Так атрымалася і з карцінай “Кааператыў “Палітбюро”.
У 1994 годзе я апынулася ў Бостане і ў Гарвардскім універсітэце сустрэлася з прафесарам, югаслаўскім рэжысёрам Душанам Макавеевым, адным з заснавальнікаў новай югаслаўскай кінахвалі. Пра Беларусь у 1994 годзе мала хто ў свеце чуў. І калі я сказала, што з Беларусі, Душан Макавееў усміхнуўся: “Вы з краіны, дзе жыве Міхаіл Пташук! Вельмі люблю яго карціну “Кааператыў “Палітбюро”, якая моцная!” Я расказала Міхаілу Мікалаевічу гэтую гісторыю, як ён радаваўся! Ён кожны раз катурхаў мяне і казаў: “Не, ну ты скажы! Гэта праўда? Так і сказаў? Яшчэ раз раскажы!” І я кожны раз расказвала гэтую гісторыю наноў”.
(Людміла Саянкова, мастацтвазнаўца)
Падрыхтавала Аляксандра Дорская
Фота: Зарына Кандрацьева