Вядомы шведскі харэограф Бэна Ворхам паставіў спектакль з выхаванцамі дзіцячага дома і прафесійнымі танцорамі. Перфоманс пакажуць у васьмі беларускіх гарадах. “Будзьма беларусамі!” расхінула кулісы адной з фінальных рэпетыцый.
“Дзеці, якія жылі са мной у першым дзіцячым доме, былі мне як сям’я”, “Я не хачу размаўляць са сваім татам, калі ён п’яны”, “Чалавека можна змяніць, калі яго любіць”, “Я люблю марыць і фантазіраваць”, – шчыра кажуць дзіцячыя галасы са сцэны Лідскага палаца культуры.
Гэтыя фразы запісалі напярэдадні, калі падлеткі ў парах з дарослымі размаўлялі пра мінулае, сучаснае і будучыню.
“Мы пыталіся ў дзяцей, што яны хацелі б змяніць вакол сябе, якой бачаць сваю будучыню”, – кажа танцорка Іна Асламава. – З іх дазволу некаторыя іх думкі мы выкарысталі ў спектаклі”.
Тэатральны рэквізіт перфомансу – да геніяльнасці просты. Малярны скотч, шпагат і каля 200 кардонных скрыняў. З гэтых звычайных матэрыялаў акторы будуюць дамы, сцены, пазначаюць асабістыя межы.
“У кожнага павінна быць свая скрынка!” – заяўляе адзін з герояў пастаноўкі.
Музычнае суправаджэнне перфомансу стварае кампазітар з Румыніі Ён Карой. Некаторыя песні акажуцца для гледача знаёмымі!
Увогуле склад каманды – гэта ўдалы прыклад таго, як можна рабіць унікальны прадукт незалежна ад таго, дзе жывуць яго стваральнікі. Рэжысёр Бэна Ворхам, прадзюсар праекта Сібрыг Доктар – са Швецыі. Таксама адтуль прыляцела музейны педагог Мадлен Бэкман, каб правесці майстар-класы для дзяцей і настаўнікаў. Перад прэм’ерай з Кіева прыехала асістэнт па касцюмах Вераніка Сапіга (Янчыцкая). Танцоўшчыкі перфомансу паходзяць з трох краін: Іна Асламава – з Беларусі, Даніла Белкін, Марыя Кандрацьева, Дзмітрый Візір – з Украіны, Аляксандра Сошнікава, Сяргей Галаўня – з Малдовы.
Рэжысёр, педагогі, танцоўшчыкі і дзеці рыхтавалі гэты спектакль тры тыдні. У Лідзе праходзілі майстар-класы і рэпетыцыі. 13 верасня тут адбудзецца прэм’ера. Затым “Дом” пакажуць у Гомелі, Мазыры, Віцебску, Мінску, Брэсце, Горадні і Шчучыне.
У перфомансе шмат імправізацый і асабістых гісторый актораў. Пасля кожнага паказу “Дома” гледачоў запросяць паўдзельнічаць у дыскусіі, каб абмеркаваць убачанае.
Не раскрываючы ўсіх цікавостак унікальнага перфомансу да прэм’еры, дадамо, што гэта не першая праца Бэны Ворхама ў Беларусі. У 2011 г. у гарадзенскім драмтэатры рэжысёр паставіў танцавальны перфоманс “Change”, які затым паказалі ў шэрагу беларускіх гарадоў. На год раней Бэна са сваёй жонкай Сібрыг Доктар, таксама харэографам, разам з гродзенскімі акторамі і танцорамі тэатра “Каракулі” стварылі спектаклі “Але не я…” і “Там, дзе вада цячэ ўгару”. У 2009 г. у рамках міжнароднага арт-праекта “Вектар танца” Бэна Ворхам прадставіў харэаграфічнае дзейства “Каралі, каралевы і іншыя босы”.
Хрысціна Марчук, спецыяльна для “Будзьма беларусамі!”
Фота Хрысціны Марчук, Аляксандра Саенкі