Хоць Міжнародны дзень роднай мовы адзначаюць 21 лютага, у Магілёве вырашылі, што лепш адсвяткаваць гэты дзень у выходны. Таму ў нядзелю, 19 лютага, у ДК вобласці прайшло свята, прысвечанае Дню беларускай мовы. На ім магілёўцы змаглі паўдзельнічаць у «Беларускім пяціборстве», напісаць агульнанацыянальную дыктоўку і паслухаць вершы магілёўскіх аўтараў.
Пачалося мерапрыемства з «Беларускага пяціборства». Удзельнікам раздалі лісткі з пяццю рознымі заданнямі па гісторыі, геаграфіі і літаратуры Беларусі, матэматыцы і беларускай мове. За 25 хвілін трэба было рашыць невялікую арыфметычную задачу, размясціць абласныя цэнтры ў правільным парадку, назваць важныя гістарычныя даты, падабраць правільнае беларускае слова з заканчэннем «-ня» і назваць аўтараў чатырохрадкоўяў. Як ні дзіўна, простую арыфметычную задачку рашыў усяго адзін чалавек. А вось веданнем гісторыі змаглі пахваліцца амаль усе. Па агульнай суме балаў быў вызначаны галоўны пераможца пяціборства — ён набраў 194,5 бала з 300 магчымых.
Пасля пяціборства магілёўцаў чакала агульнанацыянальная дыктоўка, якая праводзіцца ва ўсёй Беларусі ўжо пяты год. Гэтым разам удзельнікі пісалі пад дыктоўку урывак з верша Максіма Багдановіча «Летапісец». Як адзначылі арганізатары, гэты верш быў абраны таму, што напісаны ён для Магілёва і пра Магілёў. Наколькі добра магілёўцы справіліся з напісаннем дыктоўкі, будзе вядома пазней.
У канцы мерапрыемства ўдзельнікі змаглі адпачыць, пагутарыць і паслухаць вершы.
Марыя Гілёва