Моладзевае грамадскае аб’яднанне “Гісторыка” запрашае на экскурсію па мінскай вуліцы Карла Маркса 15 сакавіка.
Часам падаецца, што гэтая вуліца хаваецца ад людскіх вачэй. Знаходзячыся ў самым цэнтры Мінска, яна быццам бы губляецца ў цені праспекта Незалежнасці, падаецца зацішнай і лагоднай. Але гэта падман!
Вуліца Карла Маркса заўжды была багатая на дзяржаўныя ўстановы. Раней тут месціліся гарадское паліцэйскае ўпраўленне, Мінскі дваранскі сход, Грамадскі сход і Мінскае аддзяленне Дзяржаўнага банка, пазней — Рэспубліканская партыйная школа і будынак ЦК КПБ.
Названая ў гонар нямецкага філосафа, былая Падгорная вуліца можа лічыцца і вуліцай беларускага мыслення. Калісьці тут месцілася Марыінская жаночая гімназія, а таксама Мінская гарадская земская ўправа, дзе працаваў Максім Багдановіч, зала, дзе неаднаразова выступалі Янка Купала і Якуб Колас, Цішка Гартны і дзе праходзіла канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу ў 1926 г. На гэтай вуліцы жылі знакамітыя беларускія літаратары…
Працяг слухайце падчас экскурсіі :) Сустракаемся ў 10:00 каля галоўнага ўваходу ў чыгуначны вакзал.
Экскурсавод — Іван Сацукевіч.
Фота Юрася Федзюковіча з сайта http://saloni.by.ru/