Філіял Веткаўскага музея стараабрадства і беларускіх традыцый 21 снежня правёў цікавю вечарыну пад назвай “Ой, рано-рано куры папелі…”.
– Сённяшняя вечарына паспрабуе сабраць у адно архаічную спеўную калядную традыцыю, народны тэатр, сярэднявечную музыку, танцы, – тлумачыць загадчык філіяла Пятро Цалка канцэпцыю вечарыны, якая аб’яднала розныя пласты святкавання Калядаў на Беларусі.
Спеўную традыцыю калядавання на Гомельшчыне дэманструюць сябры ГМКГА “Талака”. Калядоўшчыкі не просяць іх адорваць, хоць прыйшлі з Казой ды іншымі адмысловымі персанажамі і на “гаспадара” філіяла ў песнях не забыліся:
– Хай табе, Пецечка, бог памагае!
А вось і сам загадчык. На гэты раз – у вобразе батлейшчыка. Пятро Цалка доўга і маляўніча распавядае пра сваю цудоўную скрыню, пасля чаго пачынаецца непасрэдна сама батлеечная п’еса “Цар Ірад”.
Ну і, нарэшце, гурт “Млын Сонца” з яго песнямі ў пачатку выступу і сярэднявечнымі танцамі – напрыканцы. Тут да іх далучаецца клуб старажытнага танца “Бельфіорэ”, кіраўніца якога Юлія Мацюшкова не толькі паказвае рухі, але і тлумачыць далёкім ад гэтай тэмы наведнікам назвы танцаў.
Спадзяемся, што кожны знёс з вечарыны з сабой у такое некаляднае надвор’е хаця б трошачкі каляднага цуду.