4 чэрвеня на аграсядзібе Вайцюшкі адбыўся мастацка-паэтычны і музычны фестываль “Салаўё-2017”. Тут цягам тыдня праходзіў пленэр творцаў з розных гарадоў, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. У пленэры ўдзельнічалі мастакі і скульптары з Мінска і Гродна: Кацярына Сумарава, Алег Усціновіч, Валянціна Шоба, Ігар Засімовіч і Кацярына Зантарыя.
Убачыўшы ў шэрым валуне абрысы крылаў, скульптар Ігар Засімовіч тры дні ён шліфаваў і апрацоўваў камяні. Яны склалі кампазіцыю “ Крылы” і былі ўмацаваны непадалёку ад сядзібы. Сябра, пабачыўшы працу, ўзгадаў метафару Караткевіча “ Зямля пад белымі крыламі”.
На чатыры дні прыехала ў Вайцюшкі скульптар і выкладчыца Кацярына Зантарыя. Звычайны шэры валун яна ператварыла ў стол, засланы рушніком, на якім па хатняму размясціліся чыгунок з бульбай і плошка з яблыкамі.
“ Працаваць тут нам спрыяла паветра і ўсё рабілася па натхненні!” – кажа Ігар Засімовіч. Уладзімір Панцялееў з Гродна перадаўна на пленэр сваю працу ў камні “ Лідзейка”. Яна сімвалізуе прыток Нёмана.
Алег Усціновіч зрабіў літары і пячаткі з дрэва. Кацярына Сумарава ператварыла магутны дубовы зрэз у скарынаўскі знак “Месяц і сонца”. Яе дачка Марыйка натхнілася скарынаўскімі літаграфіямі. Вядомая мастачка з Гродна Валянціна Шоба вырабіла літары і кампазіцыі з пяску. Пясок успрымаецца ёй як культурны слой, які наслойваецца адзні на адзін.
4 чэрвеня на фестываль прыехалі больш 100 чалавек з Мінска і розных куткоў Гарадзеншчыны. Разнастайнай была літаратурная частка фестываля. Яна пачалася з прэзентацыі кнігі падарожных нататкаў “Простыя словы” З. Вайцюшкевіча.
Ва ўступным слове да выхаду кніжачкі Максім Жбанаў прызнаваўся: ”Мы дзесяць год працавалі са Змітром на Радыё Рацыя. Зміцер цудоўна распавядае, ён шыкоўны стыліст. Я вельмі рады, што нарэшце мы пачулі яго аўтарскі голас. Кніжку можна чытаць з любой старонкі і гэта будзе стоадсоткавая музыка і драйв. Сэнс кніжкі ў тым, што яна даўжэйшая за радыё. Гэта працяг нашай радыё-гісторыі.Тут ёсць аўтарская шчырасць і сапраўднае беларускае прамаўленне.Атрымаўся лірычны дзённік у свабодным фармаце.”
На фестывальнай сцэне з чытаннем вершаў выступілі маладыя лірыкі і аўтарытэтныя ў літаратуры асобы: Ігар Рыжкоў, Наста Кудасава, Аксана Спрынчан, АлесьЛіпай, Уладзімір Някляеў. Акрамя таго з вуснаў актывістаў ТБМ прагучалі вершы Ларысы Геніюш, Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Разважаючы пра падрыхтоўку да юбілеяў волатаў і песняроў Я. Купалы і Я. Коласа, Уладзімір Някляеў адзначыў, што дзяржаўныя юбілейныя мерапрыемствы хутчэй за ўсё будуць насіць сухі фармальны характар, а ў той час неабходна, каб паэзія нашых волатаў даходзіла да сэрцаў людзей.
У. Някляеў паведаміў, што напісаў аповесць, прысвечаную Я. Купале, дзе ён імкнуўся перагледзіць факты жыцця і гібелі паэта ў 1942 годзе, а таксама пераасэнсаваць сваю творчасць з вышыні узросту, большага за купалаўскі. Яго дэкламацыя вершаў і ўрыўка з паэмы “ Прошча” атрымалася ўзрушанай і эмацыйнай. У фармаце “Вольны мікрафон” выступілі паэты з Берасцейшчыны.
Арганізатар, мэнэджар і дырэктар фестывалю З. Вайцюшкевіч быў прыемна уражаны вялікай колькасцю гасцей, у тым ліку і дзяцей. Ён падзякаваў усім удзельнікам пленэра і літаратурных чытанняў, і гасцям сядзібы. Спявак зладзіў невялікі канцэрт з папулярных твораў для грамады. Прагучалі песні на вершы Ул. Някляева, Г. Бураўкіна, а таксама – Я. Нагавіцы. Потым са спевамі выступіў С. Чарняк з Ліды.
Фестывалі на Нёмане, арганізаваныя артыстам, з кожным годам набываюць большую папулярнасць. Падобныя імпрэзы пройдуць сёлета ў ліпені і жніўні.
Эла Дзвінская, фота аўтара