28 чэрвеня на стадыёне «Спартак» у горадзе Магілёве прайшло маштабнае шоу – гала-канцэрт, прысвечаны Міжнароднаму фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа». Фестываль праходзіць у Магілёве ўжо ў сямнаццаты раз, і з кожным годам яго праграма становіцца ўсё больш цікавай і насычанай. На гэты раз значна пашырылася і геаграфія фестывалю: на яго прыехалі ўдзельнікі не толькі з блізкага замежжа, але і з Германіі, Мексікі, Венесуэлы і іншых краін.
Гала-канцэрт, які прайшоў у той вечар, сабраў найлепшых спевакоў і музыкаў: хор музычнай капэлы «Санорус», фолк-гурт «Русічы», арт-гурт «Чысты голас», ансамбль «Камерыта», артыстаў Рускага духоўнага тэатра «Голас», лаўрэатаў міжнародных конкурсаў і многіх іншых.
Гледачы змаглі не толькi атрымаць асалоду ад якаснай і натхняльнай духоўнай музыкi, але і паслухаць званароў, паглядзець выступленні танцавальных калектываў і светлавое шоў.
Таксама на гала-канцэрце прайшло ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу харавых калектываў. З 23-х удзельнікаў аўтарытэтнае журы выбрала пераможцу: ім стаў акадэмічны хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам дырыжора Ірыны Пякарскай. Удзельнікі гэтага хору атрымалі каштоўныя прызы і падарункі, а таксама былі ўганараваны званнем найлепшага харавога калектыву Беларусі.
Хоць гала-канцэрт звычайна завяршае праграму фестывалю, на гэты раз магілёўцаў чакае яшчэ адно цікавае і маштабнае мерапрыемства – выступ «Хору Турэцкага», якi пройдзе на стадыёне «Спартак» 29 чэрвеня. Наступны фестываль «Магутны Божа» адбудзецца толькі праз два гады – у 2014 годзе.
Марыя Гілёва