Сайт дакументальнага кіно belfilm.org працягвае размовы з беларускімі творцамі. Адна з праграмаў “НЕ FORMAT” прысвечаная Галіне Адамовіч – кінарэжысёру студыі “Летапіс”, лаўрэату нацыянальных і міжнародных кінафестываляў, аўтарцы дакументальных фільмаў “Інакіня”, “Завядзёнка”, “Божа мой” ды іншых.
Галіна Адамовіч гаворыць:
– Таленавітым цяжка ў любой краіне, у любы час. Марына Цвятаева пісала, што розум і талент вельмі дрэнныя дары ў калыску, асабліва жаночую. Дурню лягчэй, каб была ежа і нейкая праца. Чарка і скварка… шмат каму гэтага сапраўды дастаткова. І тыя пачуцці: “Ах там былі стужкі – ў савецкія часы!” Кіламетры здымалі жахлівых, пустых рэчаў. Ні пра што. І гэта ўсё захоўваецца ў архівах, кіламетры смецця. Калі чалавек робіць працу з кан’юктурных пазіцый гэта дрэнна. Гэта значыць, што ён не вельмі шчыры ў сваёй працы. Справы, якія ты робіш штодзённа замінаюць думаць пра вялікае, але мэта жыццёвая безумоўна – рабіць мастацтва.