У сакавіку ў Маладзечне пры падтрымцы ГКК “Будзьма беларусамі!”, Цэнтра даследавання грамадскага кіравання SYMPA і дабрачыннага фонду “Спадчына Міхала Клефаса Агінскага” распачаўся адукацыйны праект для грамадскіх актывістаў “Майстэрня ідэй “Ліхтар”. Калі ты жывеш у горадзе Фестывалю беларускай песні і паэзіі і маеш цікавыя ідэі праектаў і жаданне працаваць у камандзе – далучайся!
Галоўная мэта Майстэрні ідэй “Ліхтар” – аб’яднаць неабыякавых да жыцця свайго горада людзей і натхніць іх на правядзенне цікавых і карысных івэнтаў, падмацаваўшы ведамі па праект-менеджменце і гісторыямі поспеху іншых рэгіянальных актывістаў.
Ініцыятарка і галоўная арганізатарка Майстэрні – каардынатарка КГК “Будзьма беларусамі!” па Мінскай вобласці Святлана Чакушка. Ідэя распачаць праект з’явілася ў дзяўчыны каля года таму, калі яна больш цесна пачала займацца рэгіянальнай дзейнасцю і пабачыла, што ў такіх гарадах, як Маладзечна, Барысаў ёсць шмат актыўных людзей, але яны чамусьці не ведаюць адно пра аднаго.
Падчас складання праграмы Майстэрні Святлана абапіралася на досвед працы такіх суполак, як культурніцкія пляцоўка Vitsebsk4.me (Віцебск) і Цэнтр гарадскіх ініцыятыў (Магілёў). Шэраг сустрэчаў з актывістамі гэтых ініцыятыў у якасці запрошаных экспертаў пачаўся з семінара Наталлі Драгальчук з магілёўскага Цэнтра гарадскіх ініцыятыў, якая распавяла пра прынцыпы дзейнасці і структуру суполкі, пра тое, якім чынам адбываюцца падрыхтоўка і правядзенне гарадскіх фэстаў і іншых цікавых мерапрыемстваў. Семінар прайшоў у памяшканні мясцовага навучальнага цэнтра “Адкрытая прастора” – таксама партнёра адукацыйнага праекта.
Навучэнцы Майстэрні па-за актывізмам працуюць у самых розных сферах: сярод іх педагог дадатковай адукацыі, дырэктарка ўласнай арт-прасторы, выкладчыца танцаў, інжынер, рамеснік і інш. Усе маюць розны досвед грамадскай дзейнасці.
Пра праект з першых вуснаў:
Святлана Чакушка, ініцыятарка праекта і арганізатарка: Я сама родам з Віцебска і як праект-менеджарка маю за плячыма падобныя курсы праект-менеджарынга ад віцебскай культурніцкай пляцоўкі Vitsebsk4me. Менавіта падчас гэтых курсаў я прайшла гэты шлях: ад “чалавека з вуліцы” да грамадскай актывісткі. І зразумела: можна рабіць шмат цікавага і карыснага рэчаў з уласнай ініцыятывы, а не толькі на асноўнай працы.
Вольга Трубач, кіраўнічка этнаграфічнага клуба “Кола”, удзельніца Майстэрні “Ліхтар”: Мне падабаюцца заняткі ў Майстэрні, бо тут мы сустракаемся з рэгіянальнымі актывістамі, якія распавядаюць пра свой паспяховы досвед. Мы звычайна нешта ладзім па горадзе кропкава, а цяпер сабраліся разам і можам зрабіць агульны праект. Тут людзей аб’ядноўваюць ідэі – і гэта самае прыўкраснае, што можа быць. Нашыя праекты пакуль толькі вымалёўваюцца, але мы маем агульную задуму: стварэнне інтэрнэт-пляцоўкі для сацыяльных праектаў Маладзечна.
Наталля Драгальчук, Цэнтр гарадскіх ідэяў, Магілёў, запрошаная экспертка:
Мне падаецца, гэта вельмі правільная схема – запрашаць на такія сустрэчы не тых людзей, якія нешта адзін раз зрабілі, а тых, хто мае досвед паспяховых праектаў цягам некалькіх гадоў і можа распавесці пра рэальныя справы. Сустрэчы паміж прадстаўнікамі рэгіёнаў вельмі важныя для разумення: дзесьці таксама ёсць людзі, якія гараць тымі ж ідэямі, што і ты, і ў іх атрымалася гэтыя ідэі паспяхова рэалізаваць. Калі мы, удзельнікі розных рэгіянальных ініцыятыў, пачалі кантактаваць паміж сабой, мы перасталі саромецца звяртацца адно да аднаго з рознымі арганізацыйнымі пытаннямі. Цяпер гэты сацыяльны капітал сапраўды дапамагае. Мы сябруем з многімі арганізацыямі: з Бабруйскам, Мінскам, Віцебскам – два разы хлопцы і дзяўчаты з Vitsebsk4.me да нас прыязджалі ў Школу гарадскіх ініцыятыў “Теплица”. Таму лічу, што галоўная мэта такіх сустрэчаў – не столькі заняткі, колькі камунікацыя, напрацоўка сувязяў. Семінар па праект-менеджменце можна паглядзець і дома, папіваючы каўку, але ў такім выпадку ты хутчэй за ўсё застанешся на тым самым узроўні.
Шукайце адукацыйны праект для грамадскіх актывістаў “Майстэрня ідэй “Ліхтар” у Фэйсбуку і “Укантакце“
Аляксандра Дварэцкая