Першая партыя ўнікальных цацак-сувеніраў “Бульбаёсцік” выпушчана на прыватным унітарным прадпрыемстве “Радуга” ТАА “Актамір”.
Як паведаміў дырэктар прадпрыемства Міхаіл Коршак, на вытворчасці спадзяюцца, што гэта цацка здольна стаць нацыянальным брэндам. Тут плануюць распрацаваць цэлую бульбяную сямейку — бабулю, дзядулю, бацькоў хлопчыка-бульбаёсціка. У якасці абгорткі, напэўна, будзе выкарыстоўвацца мешкавіна: якая ж бульбачка без мяшка?
І сапраўды, кожная сям’я ў Беларусі лічыць скарбам бульбачку, і калі яна ёсць — то не страшны любы госць. Столькі страў з яе гатуецца! Ідэя цацкі належыць Раісе Дзейкун, аўтару кніжак “Прыгоды Бульбаёсціка”, “Сямейка бульбяная” і іншых, прысвечаных нацыянальнаму скарбу. Першая партыя Бульбаёсціка ўжо радуе дзятву Гомельскага раёна.