У гарадзенскай арт-галерэі “Крыга” зацікаўленым месцічам прэзентавалі серыю з 10 паштовак, на якіх адлюстраваныя характэрныя элементы драўлянай забудовы Гародні.
Як кажуць аўтары, большая частка дэкору і самі будынкі, выяўленыя на паштоўках, знаходзяцца ў раёне горада пад назвай Новы Свет.
Намалявала паштоўкі гарадзенская мастачка Наталля Клімовіч, а выдадзеныя яны сумесна гарадзенскай грамадскай ініцыятывай “Варштат Ідэй”, сайтамі harodnia.com і “Твой стыль”.
Пра прэзентацыю паштовак расказвае прадстаўніца ініцыятывы “Варштат ідэй” гарадзенская краязнаўца Тацяна Касатая:
— Гэтая сустрэча мае мэтай звярнуць увагу гарадзенцаў, а таксама гасцей горада на гісторыка-культурную спадчыну, у першую чаргу на драўляную архітэктуру, якая паступова знішчаецца, а таксама на аб’екты, якія калісьці зніклі і якія на сёння рэальна аднавіць.
— Што адлюстравана на гэтых паштоўках?
— Тут не толькі дамы, што цяпер у больш-менш добрым стане, але і іх элементы — вокны, дзверы. Усё гэта пакуль ёсць у Гародні, і гэтым трэба ганарыцца.
Другой часткай сустрэчы стала прэзентацыя складанкі “Гарадзенская ратуша”, распрацаванай архітэктарам Андрэем Шулаевым.
— Гэта макет ратушы, — кажа Таццяна Касатая, — якая стаяла ў Гародні ў канцы XVIII — пачатку ХІХ стагоддзя. То бок апошняя кардынальная перабудова пасля пажару, што адбыўся ў Гародні.
Аўтарка паштовак Наталля Клімовіч кажа, што не ўсе элементы, адлюстраваныя на паштоўках, захаваліся і не ўсе іх можна пабачыць на Новым Свеце.
— Некаторыя мне даводзілася аднаўляць па старых фотаздымках. Таму што час ідзе — усё страчваецца. Тым больш што гэта драўляная архітэктура.
Гісторык Андрэй Вашкевіч расказаў пра адметнасці гарадзенскай драўлянай архітэктуры і параўнаў яе з архітэктурай у іншых краінах. На сустрэчу прыйшло каля 30 чалавек.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі