Гарадзенец Алесь Перагудаў, што навучаецца на гістфаку ў Купалаўскім універсітэце, зрабіў унікальнае даследаванне па Каложскай царкве.
Маладзён разам з сябрам перапісаў і сістэматызаваў знакі, знойдзеныя імі на плінфе будынка. Праца каштавала ім некалькі дзён вольнага часу, аднак, як аказалася, такога даследавання да іх ніхто не рабіў. Пра сваё даследаванне Алесь расказаў “Будзьма беларусамі!”:
— Я цікаўлюся гістарычнай спадчынай Гародні, у тым ліку сапраўднай перлінай Гарадзеншчыны — Каложскай царквой. Я шмат чытаў пра яе і даведаўся, што адной з самых яскравых адметнасцяў царквы з’яўляюцца знакі на плінфе. Як лічаць навукоўцы і даследчыкі, гэта знакі майстроў, якія ставілі іх на яшчэ не абпаленай плінфе. Гэта, магчыма, іх знак якасці. Я сутыкнуўся з тым, што пра гэтыя знакі шмат хто казаў. І замалёўвалі іх яшчэ ў ХІХ стагоддзі, аднак агульнага пошуку і фіксацыі ўсіх знакаў ніхто не рабіў.
– Адкуль узялася ідэя даследаваць Каложу і гэтыя знакі?
— Шчыра кажучы, гэта не мая ўласная ідэя. Яе мне падкінуў гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч. Ён мне прапанаваў, і я з вялікай радасцю пагадзіўся. І калі меў вольны час напрыканцы лета, я некалькі дзён прысвяціў пошукам і знайшоў больш за 110 знакаў на плінфе. Каля 50 звонку і крыху больш за 50 унутры. Трэба ўдакладніць, што я не прафесійны гісторык, я толькі навучаюся на гэтай спецыяльнасці. Сярод знакаў, што я тут знайшоў, некаторыя перавернутыя. Гэта кажа аб тым, што будаўнікі, якія клалі плінфу, не надавалі вялікай увагі гэтым знакам.
Сябра даследчыка Мікіта Каранкевіч, які дапамагаў Алесю ў даследаванні, кажа наступнае:
— Я, як і Алесь, навучаюся на гістфаку ў Гарадзенскім універсітэце. Падчас пошуку мы заўважылі, што акрамя старажытных надпісаў былі і надпісы больш новага часу — ХІХ, ХХ стагоддзя, надпісы савецкага часу. Пераважна асабістага характару.
Маладзёны лічаць, што іх праца, што з’явілася ў выглядзе невялікай брашуры з пазначэннямі кожнага знака, будзе цікавая ўсім гарадзенцам.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і брашура з фэйcбуку Алеся Перагудава