Музыкі дзевяці гарадзенскіх гуртоў правялі акцыю ў падтрымку свайго калегі Арцёма Сердзюка.
Маладзён яшчэ ў 2012 годзе даведаўся што хворы на гепатыт С. Лячэнне звычайнымі сродкамі не дапамагло, і цяпер музыкі вырашылі сабраць грошы на больш эфектыўны, цана якога – больш за 15 тысяч даляраў.
У Гародні канцэрт прайшоў 29 чэрвеня ў Моладзевым цэнтры “Гродна”, і ў ім узялі ўдзел Mister Х, Next, Погост, S’n’D, Voice of oblivion, Shards Of Soul, Rabies O. D., “Прощай, привычка” і The Darkwing Dead and Launchpad McQuake.
Пра свой удзел у мерапрыемстве расказвае Жэня “Пост” – Яўген Нікіцін, адзін з самых старых удзельнікаў гэтага мерапрыемства:
– У дадзенай сітуацыі людзям проста трэба было аб’яднацца, таму мерапрыемства разлічанае на поспех. Тут аб’ядналіся людзі розных стыляў і кірункаў – перад тварам бяды ўсе роўныя, і няважна, што ты граеш і як. І самае галоўнае ў гэтым – маральная і эмацыйная падтрымка, і гэта важнейшае за грошы і таблеткі. І вельмі важна, што людзі не проста так прыйшлі. Вялікі дзякуй арганізатару Сяргею Каваленку. І хацелася б, каб мы аб’ядноўваліся, калі раптам будзе нейкая бяда.
Пра мерапрыемства і свае адчуванні кажа сам Арцём:
– Я хачу выказаць словы падзякі ўсім тым, хто прыйшоў, хто дапамагае. Для мяне гэта вельмі важна. Не ведаю, якія знайсці словы… Мне вельмі прыемна, што прыходзіць столькі людзей. Людзі вельмі розныя. Большасць мяне асабіста не ведае, і ствараецца ўражанне, што існуе нейкае братэрства. І гэта вельмі прыемна – бачыць такую сяброўскую, амаль сямейную атмасферу.
Канцэрты ў падтрымку гарадзенца будуць працягвацца. У мінскім клубе “Салтайм” 6 ліпеня гурты Bloodlast, Solarward, Massenhinrichtung, Exegutor і Infestum таксама збяруць грошы для хворага гарадзенца.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі