У горадзе над Нёманам пачаліся здымкі дакументальнага фільма пра падзеі 1939 года.
Здымкамі кіно ў Гародні займаецца Фонд Лялевеля, а ў Беларусі ідэю падтрымаў незалежны Саюз палякаў на Беларусі. Фільм мае папярэднюю назву “Grodno 1939”. Ён стане прыступкай да стварэння вялікага кіно пра гарадзенцаў.
Расказывае прэс-сакратар СПБ Анджэй Пісальнік:
— Здымкі ўжо пачаліся, яны праходзяць без якой-небудзь саліднай падтрымкі з боку бізнес-колаў ці дзяржавы. Гэта грамадская ініцыятыва аматараў. Першы фільм здыме група, якая налічвае каля 60 чалавек. Гэта валанцёры, але там ёсць і прафесійныя кінематаграфісты, якія працуюць без ганарараў. Незалежны Саюз палякаў па сваіх суполках з Мінска, Івянца, Гарадзеншчыны і Берасця сабраў дзевяць тысяч злотых, яшчэ каля пятнаццаці тысяч было сабрана з іншых фондаў, напрыклад, праз сайт.
Для сустрэчы з прадстаўнікамі незалежнага Саюза палякаў прыязджаў ініцыятар праекта, сааўтар сцэнару Пётр Касцінскі. Ён таксама старшыня фундацыі Ёахіма Лялевеля ў Варшаве.
Па словах Анджэя Пісальніка, у фільме можа ўзяць удзел любы ахвочы, які ахвяруе на здымкі вялікую суму.
Прадстаўнікі Саюза палякаў плануюць у канцы верасня распачаць паказ фільма.
Пра падзеі 1939 года расказвае гарадзенскі гісторык Таццяна Касатая, якая з архівам вуснай гісторыі апытвала старых гарадзенцаў, што памятаюць падзеі 75-гадовай даўніны.
— Гарадзенцы, калі распавядаюць пра вайну, кажуць, што яна пачалася менавіта ў 1939 годзе, таму што пачалі бамбіць горад. Некаторыя з нашых рэспандэнтаў кажуць пра тое, што пачалася страляніна, бандытызм. Крымінальнікі выйшлі на вуліцу —небяспечна было гуляць па горадзе. Таксама згадваюць пра рускія танкі, што прыйшлі ў другой палове верасня.
Адзін з рэспандэнтаў успомніў пра тое, як фармавалася тут ваенная частка дабравольцаў-палякаў, што сыходзілі з Заходняга фронту. Яны маглі ці зноў пайсці ваяваць, ці пайсці па хатах. Хто ішоў дадому, атрымліваў паёк. Паводле гэтага рэспандэнта, большасць жаўнераў заставалася і абараняла Гародню ад чырвонаармейцаў.
Андрэй Мялешка
Фота Аляксандра Саенкі і з сайта polakpotrafi.pl