Выступ гурта Berlinska Dróha ў межах туру па Польшчы і Беларусі адбыўся ў гарадзенскай арт-галерэі “Крыга”. Сам гурт створаны тры гады таму двума ўдзельнікамі — Паўлам і Утай. Абодва музыкі — лужыцкія сербы, прадстаўнікі нацыянальнай меншасці Германіі, якія здаўна жывуць на ўсходзе краіны, захаваўшы сваю мову, традыцыі і музыку. Гарадзенцы падчас выступу гурта змаглі паслухаць песні на розныя тэмы. Барацьба з фашызмам, народныя напевы, згадкі пра душу лужыцкага серба і іншыя. Праз верагоднасць дажджу першую частку канцэрта правялі ў самой галерэі, а другую — на дварэ. Гарадзенскі выступ стаў апошнім у Беларусі, пасля яго музыкі вяртаюцца дадому.
Пра гурт расказвае Пятро Дудуновіч, які разам з музыкамі падарожнічаў па Беларусі:
— Сам назоў кажа, што яны лужыцкія сербы. “Droha” па-сербску “вуліца”, у перакладзе з сербскай назва гучыць як “Берлінская вуліца”. Іх музыка — гэта спалучэнне лужыцкага фолку, панку і джазу. Музыка вельмі цікавая. Яны першы раз у Беларусі, але гэта не першы кантакт з беларускай культурай. Яны выступалі разам са “Сцяной” і тымі ж “Дзецюкамі”. Яны падарожнічаюць па Беларусі пяты дзень: былі на фэсце пад Свіцяззю, у вёсцы Навасёлкі ў Пастаўскім раёне, учора адыгралі невялікі канцэрт у лесе пад Мінскам. На маю думку, у Германіі ўсё лягчэй арганізаваць. А з іншага боку, цікавая самарганізацыя беларусаў. У двух месцах трэба было самому зрабіць сцэну, прыперці апарат немаведама адкуль.
Музыкі з дапамогай перакладчыка адказалі на некалькі пытанняў.
— Што за мова, на якой вашыя асноўныя песні?
Ута: мы спяваем на славянскай мове, што прысутнічае ва ўсходняй Германіі, і нашыя песні прысвечаныя каханню, палітыцы, славянскай мове і іншаму.
— Чым адрозніваецца выступ у Гародні ад выступу ў вас дома?
— Нам вельмі спадабалася граць у вас, і мы не бачым амаль ніякай розніцы паміж выступамі. Вельмі прыемныя і цудоўныя людзі.
Выступ музыкаў быў вельмі імпульсіўны, і многія слухачы і гледачы былі ўражаныя тым, што можна зрабіць з маленькай скрыпачкай, якая амаль увесь час была ў руках Паўла.
Музыкі спадзяюцца, што яны яшчэ раз завітаюць у Беларусь з турам.
Андрэй Мялешка
Фота Аляксандра Саенкі і Андрэя Мялешкі