Адкрыццё выставы гарадзенскіх аўтараў Яўгена Рамашова і Эміля Зянько ў гарадзенскай арт-галерэі “Крыга” сабрала больш за сотню гарадзенцаў. Выставу сучасных працаў, што носіць назву “Абсанс” можна было ўбачыць не толькі ў сценах галерэі, але і падзівіцца на вобразы інсталяцый, якія паказваліся праз праектары ва ўнутраным дворыку. Паказ пачаўся а дзясятай вечара і скончыўся позна ўночы, а гарадзенская публіка яшчэ доўга не хацела разыходзіцца.
Пра свае працы і назву выставы расказвае Яўген Рамашоў:
– Абсанс – гэта медычны тэрмін для захворвання галаўнога мозгу, той момант, калі чалавек у нечым “заліпае”. І кожны чалавек у нечым заліпае. І мы з Эмілем вырашылі праз прызму гэтага медычнага тэрміна паказаць на выставе свае працы, каб людзі пахадзілі, падумалі. Таксама паказалі інсталяцыі, якімі займаецца Эміль. Мы хацелі паказаць людзям тое, чаго ніколі не паказвалі ў Гародні. Людзі прызвычаіліся хадзіць на выставы і бачыць адно і тое ж. Мы маладыя, і нас яшчэ ніхто не ведае. Вялікі дзякуй “Крызе” і асабіста Марысі Мацко.
Пра працы маладых аўтараў расказвае мастацтвазнаўца Наталля Паўленка:
– Гэтая выстава досыць незвычайная для нашага горада, таму што тут прадстаўлены як традыцыйны жывапіс, інсталяцыі, так і відэаінсталяцыі. Я думаю, што гэта мастацтва маладых мастакоў, таму што старэйшыя не хочуць эксперыментаваць у гэтай галіне.
– Гэта можна назваць эксперыментам?
– Гэта проста іншы спосаб адлюстравання жыцця. У ХХІ стагоддзі, калі мы ўсе карыстаемся рознымі тэхнічнымі прыладамі, відэаінсталяцыя павінная быць часткай нашага жыцця. І мне здаецца, што гэта ўжо адбылося.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі