У гарадзенскай галерэі “У майстра” можна ўбачыць эксклюзіўных лялек, прадстаўленых на міжнароднай выставе “Панна Doll’я”.
Два дзясяткі лялек выглядаюць нібы жывыя: дзяўчаты і жанчыны, прыгажуні і ведзьмы. Цана некаторых лялек, зробленых у адзіным асобніку, перавышае пяць тысяч еўра. Пра прадстаўленыя працы расказвае мастацтвазнаўца Ала Матук:
— Гэта выстава вядомых лялечнікаў. Адразу хачу сказаць, што тут інтрыга: тры аўтары, што ўваходзяць у дзясятку найлепшых лялечнікаў свету, прадстаўленыя на гэтай выставе. Ёсць такі кірунак у лялечнікаў — expression dоlls. Гэта калі лялька павінная выклікаць шмат эмоцыяў. Яна неабавязкова мусіць быць прыгажуняй. Працы зробленыя з сучасных матэрыялаў: пластык, кірапласт, халодны і гарачы пластык, што патрабуе запякання. Тут таксама прадстаўлены фаянс, фарфор і тэхніка фальцавання.
— Лялькі такія натуральныя, што можна падумаць, нібыта яны жывыя. Гэта адметнасці працы ці нешта іншае?
— Каб стаць сапраўдным майстрам гэтай справы, трэба прайсці вялізную школу практыкі і шмат майстар-класаў. Лялькі на самай справе паказваюць эмоцыі на твары. Каб гэтага дабіцца, чалавек мусіць быць добрым фізіянамістам, прыгожа размалёўваць альбо “ачалавечваць” вочы, паказваць вейкі, зробленыя з пёраў. Тут нават пазіцыя рук падобная да чалавечай.
— Кажуць, што гэтыя лялькі вельмі дарагія. Ходзяць чуткі, што некаторыя з іх каштуюць пяць тысяч еўра і даражэй. Праўда гэта ці не?
— Насамрэч у вашых словах ёсць праўда. Таму што прадстаўленыя тут лялькі — гэта не толькі прадметы інтэр’еру, гэта яшчэ і прадметы калекцыянавання.
— Што будзе потым? Лялькі паедуць ў нейкае іншае месца ці застануцца тут?
— Такія выставы лялечнікаў вельмі запатрабаваныя, што нас вельмі цешыць. Тут свае творы прадставіў больш чым дзясятак аўтараў з краінаў Прыбалтыкі, а таксама з Расіі і Беларусі. Сярод аўтараў — знакамітыя лялечніцы Галіна Дзмітрук, Ірына Гарунова і Алена Карастылёва. Большасць працаў існуе ў адзіным асобніку. Гарадзенцам такі эксклюзіў будзе даступны яшчэ тыдзень.
Андрэй Мялешка
Фота: Марк Харл