Гомельская моладзевая краязнаўчая арганізацыя “Талака” зладзіла 16 жніўня ў Гомелі шэраг краязнаўчых экскурсій для аматараў ровараў і гісторыі роднага краю. Акцыя, якая мае назву “Тут вам не здесь — 2”, адбылася ў межах кампаніі “Зробім лепш — 2014”.
Гомельскія талакоўцы прапанавалі ўдзельнікам ажно чатыры тэматычныя экскурсіі-маршруты:
1) Стайні князя Паскевіча;
2) Могільнік рачной славы Гомеля;
3) Містычнае гарадзішча радзімічаў;
4) Гарадскія легенды.
Усе чатыры экскурсіі праходзілі адначасова, і ўдзельнікі выбіралі сабе той маршрут, які ім быў больш даспадобы: камусьці падавалася цікавай атмасфера закінутых баржаў, гэткі “сталкерскі” маршрут; камусьці было больш да спадобы даведацца пра гісторыю Гомеля і гарадскія легенды. Былі і такія, хто аддаў перавагу сівой даўніне і выправіўся на старажытнае радзіміцкае гарадзішча.
Зміцер Кірэенка, сябар ГМКГА “Талака”: “Агулам у экскурсіях паўдзельнічала каля 50 чалавек. Нават міліцыянты, якія адрэагавалі на такую колькасць народу, а таксама мокрае надвор’е не папсавалі настрой і запал. У сваю чаргу, экскурсаводы спрабавалі як мага больш цікава падаць матэрыял пра мінулае Гомеля, ягоныя адметнасці і легенды. Падчас шпацыру таксама выяўляліся праблемы ў арганізацыі веластруктуры Гомеля: нехта, канечне, амаль не заўважаў бар’ераў і пераскокваў на ровары бардзюры нібыта на сваіх дваіх, але было і шмат тых, каму даводзілася спыняцца. Часам заміналі натоўпы людзей: бадай, найгалоўнейшы мінус — поўная адсутнасць веласцяжынак. Але гэта ніяк не паўплывала на пазітыўны настрой прысутных”.
Па выніках экскурсій было вырашана стварыць іх віртуальныя версіі, каб тыя, хто не здолеў паўдзельнічаць, маглі таксама праехацца маршрутамі гарадской гісторыі.
Акцыя “Тут вам не здесь — 2”, якая мае на мэце падвышэнне зацікаўленасці маладзёнаў у гісторыі роднага горада, атрымае працяг у верасні ў выглядзе канцэрта выканаўцы Андрэя Павука.
Фотаздымкі ўдзельнікаў экскурсій