Новы часопіс лакальнай гісторыі “Горад Святога Губерта” прэзентавалі 27 жніўня ў Горадні, у вялізнай зале непадалёк ад чыгуначнага вакзала.
Сам часопіс змяшчае тэксты, якія прафесійныя гісторыкі і гарадзенскія краязнаўцы прысвяцілі паўстанню Каліноўскага на Гарадзеншчыне.
Таксама ў зборніку ўпершыню публікуюцца фрагменты кнігі Фартэск’ю Андэрсана, брашура Ж. дэ Бая пра Каложу і артыкул Фелікса Акермана, прысвечаны ўспамінам гарадзенцаў пра Элізу Ажэшку.
Пра выпуск расказвае Алесь Смалянчук, прафесар-гісторык, рэдактар выдання:
“Мы задумалі гэты часопіс у 1999 годзе, калі ў Горадні яшчэ існавала грамадская арганізацыя “Ратуша”. Шмат якія культурніцкая справы былі завязаныя менавіта на ёй. Тады мы вялі гістарычную і краязнаўчую школку для дзяцей, і ў адзін момант з´явілася ідэя пахадзіць па старых гарадзенцах, запісаць іх успаміны пра гісторыю горада ў ХХ стагоддзі. Атрымаўся наш першы альманах “Горад Святога Губерта”. Там былі вельмі цікавыя ўспаміны пра горад, пра знішчэнне Фары Вітаўта, пра знаходжанне магілы Станіслава Аўгуста Панятоўскага. І я тады не думаў, што тая справа займее сур´ёзны працяг, які стаў магчымым дзякуючы падтрымцы маладых гісторыкаў і “Гарадзенскай бібліятэкі”. Цяперашні нумар выглядае яшчэ шыкоўнейшым, ён багата ілюстраваны, і яго аб´ём расце і расце. Працэнтаў 80 матэрыялу нумару — пра Горадню і паўстанне 1863 года. Вельмі прыемна, што гэтая тэма стала цікавай для нашых аўтараў. Гісторыя — навука пра сучаснасць. Гэта гучыць парадоксам, але рэч у тым, што гісторык так ці інакш, нават пішучы пра паўстанне, спрабуе адказаць на пытанні, якія хвалююць яго сучаснікаў. Таму што сам гісторык жыве ў гэтым часе. Ён не можа перанесціся ў ХІХ стагоддзе. Ён піша пра ХІХ стагоддзе як чалавек ХХІ стагоддзя. І я падумаў пра тое, што аб´яднала ўдзельнікаў паўстання, што ўздымала на гэтую барацьбу…
Галоўнай мэтай паўстання было адраджэнне Рэчы Паспалітай. Беларускія сяляне Гарадзеншчыны не ўмелі чытаць ні па-руску, ні па-польску. І яны ішлі ў паўстанцкія атрады за адраджэнне Рэчы Паспалітай. Чым для іх была Рэч Паспалітая? Для іх вечнай тэмай была тая, якую ў свой час сфармуляваў Янка Купала — людзьмі звацца! Жыць пачуццём уласнага гонару і ўласнай годнасці”.
Выданне будзе мець працяг, упэўнена казалі ўсе выступоўцы.
Андрэй Мялешка
Фота Аляксандра Саенкі і Андрэя Мялешкі