Гісторык архітэктуры і рэстаўратар Ігар Трусаў прэзентаваў 11 жніўня ў гарадзенскай бібліятэцы імя Карскага тры свае новыя выданні: “Гродзенскія прыгарадныя каралеўскія рэзідэнцыі”, “Барысаглебская царква”, “Гродзенскія масты”. Некалькі гадоў таму планавалася , што гэтыя выданні стануць дапаможным матэрыялам для гарадзенскіх школьнікаў і студэнтаў па прадмеце “Гродназнаўства”. Аднак праз недахоп грошай выданні выйшлі ў прыватнай друкарні накладам 500 асобнікаў.
Падчас прэзентацыі аўтар расказаў пра вялізныя планы па выданні новых малых кніг пра горад над Нёманам і вельмі ўсцешыўся сучаснаму крызісу.
“Як рэстаўратар я вельмі рады, што ў дзяржавы праз крызіс няма грошай на сучасную рэстаўрацыю Каложы”, – кажа Ігар Трусаў.
У сваіх новых малых кнігах Трусаў расказвае пра гісторыю пабудовы гродзенскіх мастоў, пра розных жыхароў каралеўскіх рэзідэнцый вакол Гародні і пра лёс помніка ХІІ стагоддзя – гродзенскай Каложскай царквы.
За напісанае ім за апошнія 10 гадоў мноства артыкулаў і малых кніжак прадстаўніцы абласной бібліятэкі імя Карскага назвалі яго “даследчыкам гісторыі гродзенскай архітэктуры”.
Андрэй Мялешка