Гэтай вясной у Магілёве чарговы раз збяруцца акцёры, рэжысёры, крытыкі і заўзятыя тэатралы: з 21 па 27 сакавіка ў горадзе пройдзе традыцыйны ўжо IX Міжнародны моладзевы тэатральны форум «M.@rt.контакт-2014».
Фестываль праходзіць у Магілёве ўжо 8 гадоў — з 2006-га года — і за гэты час стаў адной з самых папулярных і чаканых культурных падзей у горадзе. Геаграфія «M.@rt.контакта» з кожным годам робіцца ўсё шырэйшай. Гэтым разам гледачы ўбачаць 17 спектакляў з 9 краін. Сёлета на форуме ўпершыню будуць прадстаўленыя спектаклі з Італіі і Англіі. Таксама спектаклі пакажуць тэатры Украіны, Беларусі, Польшчы, Літвы, Балгарыі і Германіі.
Як і летась, чакаюцца вулічныя пастаноўкі. Так, на Савецкай плошчы перад гасцямі форуму выступіць Львоўскі акадэмічны тэатр драмы «Воскресенье» з п’есай «Бал гения». Як адзначылі арганізатары «M.@rt.контакта» на прэс-канферэнцыі, асноўным адрозненнем ад папярэдніх фестываляў стане ўпор на класіку ў нетрадыцыйнай інтэрпрэтацыі — раней на фестывалі аддавалі перавагу эксперыментальным пастаноўкам.
Традыцыйна ў межах фестывалю будуць праходзіць майстар-класы і разборы спектакляў. Арганізатары таксама прадугледзелі ажыятаж на куплю квіткоў, і цяпер іх можна забраніраваць анлайн. Квіткі абыдуцца ў суму ад 70 000 да 250 000 рублёў.
Марыя Гілёва