Беларускія музыкі і літаратары правялі сумесную акцыю ў мінскім клубе “Лофт”, каб выказаць сваё спачуванне ўсім тым, хто пацярпеў ад трагедыі, што здарылася 11 красавіка. Усе сабраныя ў гэты вечар сродкі ад продажу квіткоў, дыскаў і кніг, а таксама ахвяраванні будуць накіраваныя пацярпелым ды іх сем’ям на рэабілітацыю.
Наста Шпакоўская, гурт “Нака”
Аляксандр Памідораў
Акцыя памяці ахвярам прайшла з ініцыятывы музыканта Паўла Аракеляна. Джазмен узняўся на сцэну на пачатку канцэрта, заклікаў усіх не задымляць памяшканне цыгарэтным дымам і падтрымаць грашыма пацярпелых ад выбуху ў метро. Свой унёсак можна было зрабіць не толькі набыўшы квіток. На ўваходзе прадаваліся кнігі беларускіх літаратараў і дыскі – усе грошы ад продажу таксама ішлі на добрую справу.
Зінаіда Бандарэнка
пісьменнік Уладзімер Арлоў
Аракелян перадаў мікрафон вядучай імпрэзы – Зінаідзе Бандарэнка, якая цягам вечара не толькі прадстаўляла выступоўцаў, але ў паўзах між выступамі размаўляла з роднымі і блізкімі пацярпелых, што прыйшлі на канцэрт.
Першай выступіла група Naka ў акустычным варыянце – вакал і клавішы. “Наша краіна адзначана вялікай бядой, боль ад таго, што адбылося, не сціхае дагэтуль. Мы павінны памятаць пра бязвінна забітых людзей. Давайце захоўваць у сэрцы адчуванне блізкай бяды і берагчы сябе ў спадзеве, што такога больш ніколі не здарыцца”, – сказала са сцэны Наста Шпакоўская і заспявала некалькі зусім новых песень.
Адзін з гітарай выйшаў Аляксандр Памідораў. Музыкант падрыхтаваў праграму з песень у мажорным рэчышчы. Па-першае, таму што ўсё ж вядзецца пра спадзеў на лепшае, а па-другое, не ўсе мажорныя песні – вясёлыя.
Руся, гурт “Акана”
Сапраўды, атмасфера ў клубе “Лофт” была амаль што жалобная, нягледзячы на тое, што гучала музыка і паэзія. Выступы музыкантаў чаргаваліся з выступамі паэтаў. Акцыю падтрымаў Беларускі ПЭН-цэнтр. “Сёння тут дамінанта болю і жалобы, таму я прачытаю версэты з той актавы”, – абвесціў са сцэны Алесь Разанаў. Уладзімір Арлоў прачытаў верш з прысвячэннем жонцы Някляева Вользе: “Я паміраў, а ты спявала песні”, Віталь Рыжкоў настройваў усіх на добры лад: “Ад нас патрабуюць, каб мы баяліся, але не варта баяцца, бо гэта безсэнсоўна”.
Алесь Разанаў
Вольга Гапеева
Анатоль Івашчанка
Віталь Рыжкоў
“Калі ёсць такія жанчыны, то будзе жыць Беларусь”, – пракаментавала Зінаіда Бандарэнка выступ гурта Akana. Фолкавую частку канцэрта працягнула этна-трыё “Троіца”. “Кожны чалавек, як зорачка. Яна можа знікнуць, але абавязкова міргне пасля гэтага яшчэ ў небе”, – сказаў Іван Кірчук і выканаў песні-галашэнні – “Сонца коціцца” і “Тры янгалы”, заклікаючы ўсіх, хто не бачыў, паглядзець кліп на гэтую песню.
Іван Кірчук, гурт “Троіца”
Выступалі таксама акадэмічныя музыкі. Кампазітар Святлана Шэіна прадставіла свой твор, напісаны для віяланчэлі і фартэпіяна. Гэтую шчымлівую кампазіцыю яна напісала пасля трагедыі на Нямізе, відавочцай якой была сама.
Юры Халезін
Павал Аракелян
Пры канцы вечара на сцэну выйшаў прадстаўнік дабрачыннай арганізацыі Яраслаў Кот: “Гэтай акцыяй мы паказалі прыклад таго, як робяць ва ўсім свеце. Трэба заўжды дапамагаць адзін аднаму”. Яго словы падхапіў Павал Аракелян, які звярнуўся да сваіх калегаў-музыкаў: “Не чакайце, пакуль нейкі добры дзядзька зладзіць дабрачынны канцэрт. З кожнага свайго выступа можна адлічаць частку грошай на дабрачыннасць і працягваць гэтую справу”.
гурт Паўла Аракеляна “Аўтсайдэры”
Вечар закрываў гурт Паўла Аракеляна “Аўтсайдэры”. Першай песняй, якую выканалі музыкі была “Release Me Lord”, прысвечаная памяці ахвяраў.
Аракелян у гэты вечар выйшаў без свайго любімага саксафона, затое чараваў за клавішамі. Закончылі канцэрт на вясёлай ноце, сыграўшы некалькі класічных джазавых твораў, каб паказаць, што жыццё працягваецца і заўжды ёсць спадзеў на лепшае.
на першым фота – Іван Кірчук