Увечары першага лютаўскага дня ўсіх жадаючых чакалі на кватэрнік спявачкі Каці Пытлевай і паэткі Дзіты Дзяжынскай. З сабой дзяўчаты прывезлі свой новы праект “Вспышки” – дзіўны сінтэз прозы і музыкі. Месцам правядзення стала звычайная кватэра на Сельмашы.
Нельга не пагадзіцца з выказваннем Каці Пытлевай, якая адзначыла, што кватэрнік – гэта нешта ўтульнае, прыемнае. Падрыхтоўка да выступлення ўключала ў сябе і стварэнне адпаведнай атмасферы. Спецыяльна для гэтага былі прывезеныя лямпа, свечкі і шмат чаго іншага. Апошнім штрыхом стаў вобраз самой Каці ў вялікім цёплым халаце.
Фармат праграмы таксама не зусім звычайны. Чытанне вершаў Дзіты шчыльна перапляталася з выкананнем песень Каці. Кампазіцыі ішлі адна за адной, не дапускаючы перарыву на нейкія каментары і пабочныя размовы.
Пасля выступлення нам удалося паразмаўляць з Кацяй Пытлевай і задаць ёй некалькі пытанняў наконт праекта “Успышкі”.
Kli4nik: Я з сайта Kli4nik.info. Гэта беларускамоўны гомельскі рэсурс. Хацелася б задаць Вам некалькі пытанняў.
Каця: Так, я хацела б сказаць наконт беларускай мовы. Проста паралельна з кнігай “Вспышки” мы будзем выпускаць альбом песень, якія я спявала сёння. У рамках “Клёндайка” пабачыць свет мая першая беларускамоўная песня “Углядзіся “. Тэкст мой, я яго напісала яшчэ гадоў у 15-16, і вось ён дачакаўся свайго часу. Музыку — што мне не ўласціва, таму што звычайна пішу тэкст і музыку – напісаў вядомы вядучы і журналіст Ілля Маліноўскі, які працуе на “Еўрарадыё”. Мы з ім сябры з дзяцінства. Гэта будзе двайны рэліз, таму што спачатку мы выдадзім сінглам гэтую песню, а потым тое зробіць Ілля са сваім калектывам — так мы вырашылі. Яны яшчэ толькі робяць першыя крокі.
Для многіх гэта, напэўна, вялікае адкрыццё, таму што “Клёндайк” яшчэ ніколі не выконваў песень на беларускай мове. Гэтую песню многія ўжо назвалі апазіцыйнай, бо яна заклікае да свабоды. І гэта, напэўна, добра, бо я даўно хацела, каб гэтая песня знайшла водгук у сэрцах тых людзей, якія хочуць, каб нешта ў нашай краіне змянілася.
kli4nik: Якой вы бачыце сваю мэтавую аўдыторыю? На каго разлічаны вашыя творы?
Каця: Кожны раз атрымліваецца па-рознаму. Напрыклад, вось тут у асноўным людзі да 30 гадоў. У Магілёве прыйшлі і сталыя жанчыны каля 50. У Маскве была разнамасная і вельмі вялікая аўдыторыя. Там былі людзі і 20 гадоў, і каля 40 было шмат, і за 40 таксама. На мінулыя нашы канцэрты ў Піцеры прыходзілі людзі бліжэй да 60 гадоў. На самой справе, мне здаецца, тое, што мы кажам і робім, не мае нейкага ўзросту. Так мы закранаем пытанні ў рамках “Вспышек”, якія бліжэй тым людзям, якія жывуць у інтэрнэце, сацсетках, менавіта да іх хацелася б дагрукацца ў першую чаргу. Яны жывуць тымі памылкамі, якія мы зараз спрабуем хоць неяк выправіць. Гэта і ёсць нашая мэтавая аўдыторыя ў першую чаргу. Але ў той жа час хочацца аб’ядноўваць людзей, якія ўжо ўсвядомілі тое, што ўсвядомілі мы. Хочацца, каб такіх людзей стала больш, хочацца іх сустракаць, дакранацца да іх , размаўляць з імі. Каб разумець, што ты не адзін такі ў сваёй скрыначцы сядзіш і думаеш : “О, багі! Што адбываецца! Хто гэтыя людзі і чаго яны хочуць? І ці жадаюць яны наогул чаго-небудзь? ” атрымоўваюцца два напрамкі: тых, хто заграз у гэтым, — вырваць, а з астатнімі проста быць побач, каб ведаць, што нас шмат.
Кli4nik: Як нарадзілася ідэя гэтага выступу? І чаму менавіта ў такой змешанай форме: вершы і песні разам?
Каця: Тут, напэўна, трэба адштурхоўвацца ад таго, хто чым займаўся. Раней у нас былі асобныя праграмы: я спявала, а Дзіта чытала вершы. А потым, як гаворыцца, знайшлі два чалавекі адзін аднаго. Дзіта — паэтка, і, уласна кажучы, зрабіла паэтку з мяне, таму што раней я ніколі не публікавала і на публіцы практычна не выконвала вершы. Яна мала таго, што прымусіла мяне апублікаваць мой першы зборнік, бо вершаў назапасілася ўжо досыць шмат, дык яшчэ сказала : “Так, Каця, мы робім з табой сумесную праграму”. І спачатку мы зрабілі праграму, дзе ў першым аддзяленні яна іграла разам з Марленай , у іх быў свой спектакль, а я чытала вершы і спявала песні. Аднойчы я заўважыла, што ў мяне ёсць шмат таго, што яшчэ не сказана ў мінулых вершах, у Дзіты з’явіліся нейкія новыя думкі, мы зразумелі, што хочам зрабіць нешта сумеснае. У Дзіты ўжо быў вопыт такіх калабарацый з паэткамі з Расіі, яны паспяхова ездзілі па расійскіх гарадах. Мы зрабілі суменсы праект. Гэта проза, вершы і песні. Кожны выбірае сваю форму. Хтосьці сядзіць і ні пра што не думае, калі чуе нашы вершы, але яго зачапіла песня, і ён ужо ўчытваецца, услухоўваецца, удумваецца . Ці наадварот, песні чалавеку не падабаюцца, але яму імпануе тое, што мы гаворым. Сама па сабе чыстая паэзія ўжо не такая актуальная і даступная для разумення таго пакалення, на якое яна накіраваная. Таму ўсё разам. Мы ж, творчыя людзі і па-іншаму, мне здаецца, не магло б быць.
Плануецца прэзентацыя новага зборніка і альбома, таму, магчыма, што прыкладна ў траўні Каця Пытлева зноў наведае Гомель.