12 лютага выдавецтва “ЛогвінаЎ” пры падтрымцы грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!” адсвяткавала першыя ўгодкі існавання кнігарні “ЛогвінаЎ”. Кожны, хто ў гэты дзень наведаў свята, атрымаў у падарунак ад кампаніі “Будзьма” шыкоўны CD-зборнік, а ўладальнік кнігарні Ігар Логвінаў прадаваў кнігі ўласнага выдавецтва за 50 % кошту, а кнігі ад “Будзьма” — са зніжкай 70%. Ахвотных набыць кнігу ўлюбёнага аўтара было вельмі шмат, таму ўвесь дзень чарга ў краме не памяншалася.
Дзіцячае свята
Вера Бурлак
Святкаванне юбілею распачалося з дзіцячага літаратурнага ранішніка пад назвай “Дзіця — разгорнутая кніга”. Свае вершы для дзяцей прачыталі Вера Бурлак, Андрэй Хадановіч, Віктар Жыбуль і Анка Упала. Падчас імпрэзы дзеці разам з выступоўцамі спявалі песні, гулялі ў “радочкі”, адгадвалі загадкі і нават складалі і чыталі свае вершы.
“У мяне вельмі добрае ўражанне ад ранішніка”, — кажа маці аднаго з дзяцей Кацярына, — Выдатна, што для дзяцей ладзяцца такія мерапрыемствы па-беларуску, таму што, напрыклад, мой сын нідзе беларускай мовы больш і не чуе”.
“Канечне, гэта першыя спробы рабіць такое дзіцячае свята, — дзеліцца ўражаннямі бацька Павел, — але іх можна толькі вітаць, бо ў нас усё ж імпрэзы пераважна арыентаваныя на дарослых”.
Літаратурны марафон
Андрэй Хадановіч
Анка Упала
Літаратурнае чытанне распачаў паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч. Ён расказаў публіцы, што “літаральна пазаўчора журы ў складзе Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Арлова, Барыса Пятровіча і іншых знакамітых постацяў беларускай літаратуры падвяло вынікі прэміі імя Максіма Багдановіча”. На ўзнагароду ў намінацыі “Пераклад” вылучаныя Антон Францішак Брыль за пераклад казкі Дж. Р. Р. Толкіна “Каваль з Вялікага Вутану”, Вольга Цвірка за пераклад рамана Мікаэля Ніемі “Папулярная музыка з Вітулы” і Наста Лабада за аповесць Тувэ Янсан “Маленькія тролі і вялікая паводка”. Найлепшымі ў намінацыі “Проза” прызнаныя Сяргей Егарэйчанка за твор “Аповесць пра чалавека, які не хацеў быць Богам”, Анка Упала за іранічныя аповеды “Інь-Ян” і Наталка Харытанюк за кнігу прозы “Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката”. Тройку намінатаў у галіне паэзіі склалі Ірына Бельская, Ігар Кулікоў з падборкамі ў часопісе “Дзеяслоў” і Віталь Рыжкоў з кнігай “Дзверы, замкнёныя на ключы”. Па словах Андрэя Хадановіча, 21 сакавіка гэтага года будуць абвешчаныя і ўзнагароджаныя пераможцы трох вышэйназваных намінацый у адным з літаратурных музеяў сталіцы.
Віталь Рыжкоў
У зале, дзе была размешчаная міні-фотавыства Сяргея Ждановіча “Іншы горад”, беларускія пісьменнікі зладзілі сапраўднае свята для аматараў літаратуры. Вольга Цвірка зачытала ўрывак з рамана Мікаэля Ніемі, Уладзмір Арлоў расказаў пра свой апошні зборнік апавяданняў “Ля дзікага поля”, Анка Упала прачытала таўтаграму “Падробны паэт”, а Аксана Данільчык, Віталь Рыжкоў, Кацярына Зыкава і Андрэй Хадановіч прадэкламавалі свае вершы.
Каця Зыкава
Музычная паўза
гурт “Босае сонца”
Музычная частка свята распачалася з выступу гурта “Босае сонца”. Затым пад бурныя апладысменты на сцэну выйшаў гурт “Рэха”. Выступ скончыўся харавым выкананнем песні пра трактар “Беларус”, нягледзячы на тое, што ўдзячныя слухачы доўга не хацелі адпускаць музыкаў са сцэны.
гурт “Рэха”
Кампліменты ў адрас юбіляраў
Бліжэй пад вечар свае кампліменты ў адрас кнігарні “ЛогвінаЎ” сказалі філосаф Валянцін Акудовіч, пісьменнік і каардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі!” Севярын Квяткоўскі, паэтка, празаік і драматург Вольга Гапеева, а таксама вядомы дзеяч беларускай літаратуры Ігар Бабкоў.
“Гэты год існавання кнігарні быў для нас усіх маленькай эрай у жыцці, — павіншаваў кнігарню з днём народзінаў Севярын Квяткоўскі, — і дай Бог, каб асяродак, які стварыла кнігарня, толькі шырыўся па ўсёй нашай краіне”.
“Больш крэатыўнага і вар’яцкага выдаўца я не сустракаў, — сказаў пра ўладальніка кнігарні Ігара Логвінава пісьменнік Ігар Бабкоў, — яго трэба проста любіць і набываць у ягонай краме кнігі, каб Ігар рабіўся больш шчаслівы і радасны”.
“Я спадзяюся, што калі вы часцей будзеце сюды заходзіць, — звярнулася да гасцей Вольга Гапеева, — і натхняцца культурнай парадыгмай, якую стварае кнігарня “Ў”, то пачняце самі ствараць і пісаць штосьці добрае”.
Чым радуе і плануе парадаваць сваіх наведнікаў кнігарня “Ў”?
Падчас святкавання мы вырашылі даведацца ў кіраўнікоў кнігарні і яе наведнікаў, якую ролю адыгрывае гэтае месца ў іх жыцці.
Павал Касцюкевіч
“Целу без душы немагчыма, а душы без цела цяжка, — кажа арт-мэнэджар кнігарні Павал Касцюкевіч. — Кнігарня “Ў” не прэтэндуе быць душою, а прэтэндуе быць целам. То бок мы прэтэндуем на месца, дзе аўтар сустракаецца са сваім чытачом. Таму мы вельмі рады бачыць вас тут часцей”.
Уладзімір Арлоў
“Для мяне асабіста кнігарня — гэта месца, дзе я заўсёды сустрэну мільён сяброў, з якімі даўно не бачыўся”, — сказаў сталы наведнік кнігарні Сяржук.
Пасля заканчэння ўгодак спецыяльна для сайта budzma.org арт-мэнэджар кнігарні “Ў” Павал Касцюкевіч расказаў пра далейшыя планы: “Мы хочам зрабіць так, каб пісьменнікі стаялі за прылаўкам і раілі пакупнікам не свае ўласныя кніжкі, а кнігі іншых пісьменнікаў. Таксама мы плануем праводзіць месячнікі, прысвечаныя літаратурам краінаў свету. Напрыклад, польскай ці нямецкай. Так што запрашаем усіх да нас”.