Новы Год і Каляды – гэта, бадай, любімыя сьвяты беларусаў, таму кожны з нас зь нецярпеньнем чакае іх прыходу адразу пасьля выпаду першага сьнегу. Рады паведаміць, што ўжо засталося нядоўга! Прыгажуні-елкі ўжо зьявіліся на гарадскіх плошчах і вуліцах, у крамах і гандлёвых цэнтрах пачаліся калядныя акцыі, а навагодні настрой расьце з кожным днём. Каб зрабіць сьвята яшчэ бліжэй, а яго чаканьне нашмат карацейшым, мы прапануем Вам цікава правесьці час, прымаючы ўдзел у конкурсе на лепшую навагоднюю мультыму (э-газэту).
Конкурс на лепшую мультыму – гэта добрая нагода, каб авалодаць навыкамі стварэньня электроннай газэты, заявіць пра сябе як будучага журналіста, набрацца досьведу працы ў камандзе й атрымаць навагоднія прызы ад фонду “Новыя Мэдыі”. Падрыхтоўка да сьвята – важней, чым само сьвята.
Для удзелу патрэбна:
1) Добры настрой і фантазія;
2) Наяўнасьць усьмешкі на вуснах;
3) Зарэгістравацца на інтэрнэтстаронцы mammedia.org
4) Закласьці на сайце электронную газэту (мультыму);
5) Падрыхтаваць і апублікаваць у ёй нумар (5-20 старонак) прысьвечаны каляднай тэматыцы.
У выданьні дапускаецца паўторнае разьмяшчэньне раней публікаваных артыкулаў, але фонд вымагае, каб тэксты й выявы належалі стваральніку электроннай газэты і/альбо камусьці з чальцоў рэдакцыі, ці распаўсюджваліся ў інтэрнэце па ліцэнзіі Creative Commons.
* за добрае графічнае афармленьне налічваюцца дадатковыя балы.
Удзельнічаць могуць усе жадаючыя.
Заяўкі прымаюцца да 14 студзеня
Свае пытаньні кіруйце на: [email protected]
За вынікамі конкурсу сачыце на галоўнай старонцы Э-лекцыяў.
Як новы год сустрэнеш, так яго і правядзеш. Вучыся перамагаць Словам разам з намі.
Посьпехаў!