Лідскі краязнаўца Леанід Лаўрэш прадставіў гарадзенцам сваю новую кнігу “Ліда ўчора і сёння: гісторыя горада ў выявах” у гарадзенскай галерэі “Крыга”. Кніга напісаная ў стылі гістарычных нарысаў з выкарыстаннем вялікай колькасці літаратуры. Сам аўтар называе фаліянт спалучэннем гістарычных тэкстаў з выявамі горада з канца XVIII стагоддзя да нашага часу.
Пра сваю працу аўтар пяці кніг пра Ліду кажа наступнае:
— Кніга напісаная пра Ліду, для лідчан і тых, хто цікавіцца нашым горадам. Тым горадам, які ён быў у гісторыі, яго сучаснасцю, бо ў кнізе шмат каляровых сучасных здымкаў горада. У нейкай ступені гэта перавыданне кнігі 2001 года, якая тады называлася “Ліда на старых малюнках”.
— Што новага ў гэтай кнізе?
— Па-першае якасць. Кніга выдадзеная на мелаванай паперы, мае цвёрдую вокладку, альбомную паліграфію, з’явіліся новыя тэксты. Я спадзяюся, што гэта не апошні падыход да гэтай тэмы. Ёсць такая мара (і кажуць, нельга паміраць, пакуль не здзейсніцца) — зрабіць вялікі альбом пра Ліду. Я магу ацаніць колькасць старых выяваў гораду — іх больш за трыста. Калі я бачу новую паштоўку, для мяне гэта цуд і свята. Мы плануем выдаць альбом, дзе будзе, можа, пяцьсот выяваў горада, таму што можна яшчэ дадаць старыя сямейныя фотаздымкі, нейкія малюнкі, значна больш тэкстаў. І тады я буду лічыць, што гэтая тэма для мяне закрытая.
На сустрэчу з Леанідам прыйшлі былыя лідчане, а цяпер жыхары Гародні, гарадзенскія краязнаўцы і гісторыкі. На жаль, аўтар прыхапіў на сустрэчу толькі тры асобнікі кнігі — астанія, па словах аўтара, ужо разышліся.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі