Каля Таўэра
Лявон Вольскі правёў у Брытаніі 10 дзён – даў канцэрт і агледзеў мясцовыя каштоўнасці. Адразу па вяртанні славуты музыка распавёў “Звяздзе”, як пабачыў яхты мільярдэраў, патрымаў у руках арыгінал Статута Вялікага Княства Літоўскага і наведаў Кембрыджскі ўніверсітэт
“Ангельскія беларусы жывуць дружна – і гэта нетыповая з’ява!..”
— Як атрымалася, што дагэтуль вы ні разу не былі ў Лондане? Здаецца, столькі беларусаў ужо туды пераездзіла, а Вольскі – не быў…
— Мне здаецца, што для шараговага беларуса, які нават імкнецца і мае мажлівасць часта выязжаць – гэта вельмі распаўсюджаная з’ява. Звычайна ездзяць у Парыж, кудысьці адпачываць на поўдзень – Іспанія, якая-небудзь Італія. Ездзяць там у Варшаву, Прагу. У нас, напрыклад, мала знаёмых да Лондана дабіраліся. Усё-ткі гэта выспа, асобная віза трэба, ды і лічыцца, што там страшна дорага, таму лепей туды не трапляць. Неяк у мяне з Брытаніяй дагэтуль не перакрыжоўваліся біяграфіі…