Лямцавая батлейка з пастановай “Мама Му чытае і прыбірае” паводле кнігі шведскай пісьменніцы Юі Вісландэр наведала Горадню.
У нядзелю, 23 сакавіка, у Горадні прайшло ажно два выступы батлейкі: у будынку грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай, а ўжо праз пару гадзін — у абласным рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Лямцавая батлейка ў Горадні разам з акцёрамі Веранікай Фаміной і Бэлай Кавальковай выступае ўпершыню. Раней “Мама Му” ўжо адведала Мінск, Заслаўе, Берасце, Дзяржынск, Мар’іну Горку ды іншыя гарады.
Спектакль адбываўся ў рамках кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Яе каардынатарка на Гарадзеншчыне Хрысціна Марчук перад пачаткам правяла з дзецьмі віктарыну на веданне роднай мовы. “Фарба”, “ровар”, “цмок”, “крумкач” — гэтыя ды іншыя словы прагучалі спачатку па-шведску, пасля па-руску, а маленькія гледачы мелі назваць іх беларускія адпаведнікі. За правільныя адказы яны атрымлівалі падарункі — паштоўкі ад кампаніі “Будзьма беларусамі”.
Наогул можна адзначыць, што дзеці з заданнямі на веданне роднай мовы справіліся на “выдатна”. Чэмпіёнам, як ні дзіўна, аказаўся хлопчык з рэабілітацыйнага цэнтра, які першым назваў ажно тры беларускія адпаведнікі! На памяць усе дзеці атрымалі таксама выразанкі з выявамі герояў п’есы — Крумкача і Мамы Му.
Вераніка Фаміна, выканаўца ролі няўрымслівага Крумкача — майстар па лямцы. Лялькі яна рабіла ўласнаручна. З Веранікай мы вырашылі пагутарыць асабіста:
— Ці не замінае ў аўдыторыях з малымі дзецьмі беларуская мова?
— Для гэтага мы і праводзім віктарыну. Каб не было пытанняў: Хто такі “крумкач”? Што такое “птушка”? Але мне падаецца, што ўсё больш-менш зразумела з дзеянняў герояў.
— Ці няма ментальных супярэчнасцяў паміж шведскай п’есай і беларускай публікай?
— Каровы і крумкачы ёсць як у Швецыі, так і ў Беларусі (смяецца). Па-першае, мне асабіста вельмі спадабалася гэтая кніжка, якая, дарэчы, першапачаткова пісалася для выступу на шведскім радыё. Таму яна вельмі зручная для тэатральнай пастаноўкі: амаль як п’еса. У беларускай сучаснай літаратуры мы, на жаль, пакуль не знайшлі адпаведнай пастановы для гэтага ўзросту, але шукаем.
— У Горадні вы ўпершыню, як вам гарадзенская дзіцячая аўдыторыя?
— Супер! Дзеці паўсюль выдатныя, але бывае, што яны ціха сабе сядзяць ды слухаюць. Можа, не разумеюць беларускай мовы альбо выхавацелька сядзіць побач суворая. Таму вельмі прыемна, што сёння і ў першым, і ў другім месцы нас вітала прыязная жывая аўдыторыя. Мне падалося, што цікава ды весела было і бацькам, і дзецям.
Алесь Кіркевіч, фота: Аляксандр Саенка