Нягледзячы на актыўную папулярызатарскую дзейнасць сучасных дудароў, у абласных цэнтрах па-ранейшаму дуда, як і іншыя этнічныя беларускія інструменты, з’яўляецца адносна рэдкай. Зразумела, што культурным перадавіком была і застаецца сталіца, але мала хто ведае, што Гомель мае свайго майстра народных інструментаў і музыку, які на іх грае, у адной асобе.Цімафей Палунін – былы навучэнец гомельскай мастацкай вучэльні, а цяпер – сталічнага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў у Менску. Але значную частку сваёй творчай дзейнасці па-ранейшаму працягвае ажыццяўляць на радзіме, у Гомелі.
– Майстраванне інструментаў – што гэта для цябе: хобі, забава ці справа, якая прыносіць сродкі для існавання?
– Хобі. Праца ў мяне іншая, працую ў Нацыянальным мастацкім музеі мастаком-рэстаўратарам алейнага жывапісу.
– І як здарылася, што былы навучэнец мастацкай вучэльні захапіўся вырабам інструментаў?
– Калі яшчэ вучыўся ў вучэльні, трапіў на Купалле, якое ладзіла арганізацыя “Талака”. Пабачыў там колавую ліру майстра Уладзіміра Гатальскага. Гучаў інструмент дрэнна. Зроблены быў з падручных матэрыялаў. Але ён быў настолькі незвычайны, што я захацеў зрабіць колавую ліру сабе. Даведаўшыся пра ліру, я даведаўся і пра валынкі, потым – пра беларускія дуды. Затым паспрабаваў зрабіць адну паводле ўзораў, узятых у інтэрнэце.
– Валынку? Ці непасрэдна беларускую дуду?
– Складана сказаць… У мяне не было рысункаў, як рабіць, я не ведаў. Умеў толькі тачыць на такарным станку. Знайшоў у інтэрнэце сайт “Зрабі валынку сваімі рукамі” ці нешта накшталт таго. На сайце знайшоў валынкі з бурдонамі ўніз (бурдон – частка валынкі ў выглядзе трубкі, якая выдае адзін гук пры гранні – М.К.), з жалейкай, але без рагаўнёў (рагавень – раструб у выглядзе выгнутага рога) – М.К.). Я ўзяў адтуль памеры, дадаў рагаўні, як я гэта ўяўляў, і распрацаваў профіль (точаны малюнак на стрыжні бурдона – М.К.). Зрабіў з дэрманціну мех. У выніку яна не грала. Потым я пазнаёміўся са Зміцерам Сасноўскім, які мне нешта падказаў, з украінскім валыншчыкам Радзівонам Баевым. На той момант я займаўся вырабам сярэднявечных ювелірных упрыгожанняў, і калі Радзівон пабачыў іх, а таксама ліру і першую дуду, то падштурхнуў мяне: “Ты ж рукасты. Чаму б табе не навучыцца рабіць добрыя дуды?”. Мне дзіўна было чуць скаргі Радзівона, што дуды дрэнна ладзяць: ну што там – падтачыць крыху? А цяпер я разумею, наколькі гэта складана. У выніку мяне ў вучні ўзяў майстар Алесь Лось, і два гады я вучыўся рабіць беларускія дуды. Зрабіў дзве – сабе і сваёй дзяўчыне Валянціне. Сёння абедзве дуды ўдзельнічаюць у праекце “Млын Сонца”.
– Якія яшчэ інструменты ты зрабіў?
– На хутары Барок у Алеся Лася я зрабіў гудок – смычковы інстумент, які быў знойдзены пры раскопках у Ноўгарадзе. Рабіў аўстралійскі інструмент дыджэрыду, трашчоткі для музея ўніверсітэта культуры. З беларускіх інструментаў зрабіў яшчэ дуду-мацянку – гэта разнавіднасць беларускай дуды з трыма бурдонамі і без рагаўнёў. А яшчэ дзве скрыпкі: адну зрабіў сам, другую – разам з майстрам Алесем Сурбам. Першая была падорана музею музычных інструментаў ўніверсітэта культуры і мастацтваў, другая – прыватнаму музею інструментаў на хутары Барок, які належыць Алесю Ласю
– Распавядзі падрабязней пра беларускія дзяўбаныя скрыпкі. Ведаю, што ты не так даўно вярнуўся з канферэнцыі, якая праходзіла ў Санкт-Пецярбургу, дзе выступаў з гэтай тэмай…
– Аб такіх скрыпках існуюць толькі згадкі, саміх артэфактаў у музеях няма. Прынамсі, мне і маім знаёмым навукоўцам пра іх невядома. Засталося апісанне ў кнізе Чэслава Пяткевіча “Рэчыцкае Палессе”, у якой ён распавядае аб майстры клееных скрыпак. Падобныя інструменты прысутнічаюць практычна ва ўсіх краінах, гэта больш архаічны від сучасных скрыпак. Вельмі падобна на беларускую дзяўбаную скрыпку польская мазанка. Практычна ніхто не даследуе гэтую тэму зараз, няма ўзораў, і мы з Алесем Сурбам вырашылі зрабіць такі эксперымент. Мой жа артыкул быў не столькі музыказнаўчы, колькі тэхналагічны.
– Са скрыпкай зразумела. А на якія крыніцы ты абапіраўся, робячы іншыя свае інструменты?
– Што датычыцца дудаў і гудка, то тут была простая пераемнасць ад майстра да вучня. З дыджэрыду быў выключна эксперымент паводле ўяўленняў аб гэтым інструменце. У выпадку колавай ліры я абапіраўся на фотаздымкі ў інтэрнэце. Рабіў яе таксама як эксперымент, не ведаючы тэхналогій, таму гэта і заняла ў мяне вялікую колькасць часу.
– Ці зрабіў бы ты майстраванне інструментаў справай свайго жыцця?
– Справа ў тым, што я чалавек творчы, і для мяне любая праца цікавая. Я займаюся рэстаўрацыяй, музыкай, інструментамі. І што з гэтага стане справай жыцця – невядома. Наўрад ці гэта магчыма, у мяне заўсёды будзе шмат разнастайных інтарэсаў.
– Ты казаў ужо, што дуды задзейнічаны ў гурце “Млын Сонца”. Вядома і пра інструменты, падораныя музеям. А што скажаш пра астатнія: ці дзейныя яны?
– Усё выкарыстоўваецца ў гурце “Млын Сонца”: ліра, гудок, дыджэрыду. Мы граем музыку ў стылі фолк-фэнтазі, гэта інтэрпрэтацыя фальклорных матываў на ўласны густ удзельнікаў гурта.
– Цікаўнасць да беларускіх этнічных інструментаў нарастае ці згасае?
– Я лічу, што, як і любая з’ява ў гісторыі, яна будзе развівацца цыклічна, хвалямі. Калі, напрыклад, узяць дуды, то пасля 20-х гадоў быў спад, цымбалы сталі інструментам нацыі. Дуда памірае ў 50-х гадах разам з апошнім дударом па прозвішчы Гвоздзь. У 70-х пачаўся новы ўздым, з’явіліся такія вядомыя майстры, такія мастадонты, як Алесь Лось, Тодар Кашкурэвіч, да гэтага былі Пузыня, Гром. Потым былі пераемнікі: Дзяніс Сухі, Алесь Сурба, Юрась Панкевіч.
– І зараз мы назіраем пік гэтай хвалі?
– Я лічу, што ўжо ідзе спад.
– Якія ты бачыш тэндэнцыі ў бліжэйшым будучым?
– Можа адбыцца пераход на іншы ўзровень усведамлення дуды і традыцыйных інструментаў – не проста як цацак, як нейкіх атрыбутаў рамантычнай эпохі, а як сакральных інструментаў. Тады пачнецца новы ўздым. Усё залежыць ад самасвядомасці, ад самаўсведамлення беларусаў як нацыі. На дадзены момант беларускія дуды становяцца нецікавымі, становяцца цікавымі, напрыклад, літоўскія дуды, дудэльзакі (нямецкія валынкі – М.К.). А іншыя інструменты… Магчыма, няма майстроў, якія багата робяць тых жа колавых лір. Калі гэтыя інструменты дарастуць да такога ж узроўню выпрацоўкі тэхналогіі, ідэалогіі, эстэтыкі, семантыкі, як дуды на сучасным этапе, тады яны пойдуць на ўздым.
– То бок ты не лічыш, што гэта можа стаць масавай з’явай, выраб інструментаў можа стаць на паток? Што скажаш наконт фабрычнай вытворчасці?
– Ва ўніверсітэце культуры ёсць кафедра традыцыйных духавых музычных інструментаў. Зараз спрабуюць арганізаваць дудовы аркестр. Там жа, пры ўніверсітэце культуры, пачала працу даследчыцкая майстэрня, якая займаецца зборам, вывучэннем інфармацыі і вырабам інструментаў для музея і для ўніверсітэта. І каб інструмент стаў класічным, павінна быць шмат такіх майстэрняў, павінна быць дастатковая колькасць навуковых супрацоўнікаў, якія ўсур’ёз пачнуць вывучаць пытанні аб ім.
– А да чаго гэта прывядзе адносна дудаў, якія найверагодней могуць стаць на паток?
– Паколькі дуда – сакральны інструмент, то, на маё меркаванне, ён павінен быць індывідуальным, зробленым строга пад чалавека. Ёсць жа байкі пра Пярунаў клён (калі Пярун ударыць у клён, то з яго трэба дуду рабіць) і іншыя. Калі паставіць на паток, інструмент згубіць усю сваю сакральнасць. Калі пачнуць масава зарабляць грошы дудамі ці, напрыклад, дуда пачне выпускацца ў Кітаі, тады яна стане на паток. Але я не хацеў бы, каб так было
Марына Крывіц, kli4nik.info