Апошні дзень Міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму “М@рт-кантакт” традыцыйна прыпаў на Дзень тэатра. За сем фестывальных дзён крытыкі і журы ўбачылі мноства спектакляў, і ў апошні дзень ім трэба было зрабіць нялёгкі выбар. Акрамя таго, на закрыцці форуму быў паказаны спектакль «Преступление и наказание», які выклікаў захапленне ў магілёўцаў.
Сёлета акрамя асноўнага журы працавала таксама і моладзевае, якое складалася з рэдакцыі “Весніка “М@рт-кантакту”. Паколькі ўсе газеты форуму насілі трохі “кулінарную” скіраванасць, свае прызы рэдакцыя аформіла адпаведна: гэта былі талеркі з лагатыпам фестывалю і назвай намінацый. Моладзевае журы адзначыла некалькі спектакляў, у тым ліку “Преступление и наказание”, “The Beautiful”, “Фауст. Первый опыт” і іншыя.
Прафесійнае журы акрамя асноўных уручыла спецыяльныя дыпломы. Дыплом за найлепшую рэжысёрскую працу атрымаў Саулiус Варнас за спектакль “Фрекен Жюли” Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Актрыса Алена Крыванос таксама атрымала спецыяльны дыплом за ролю фрэкен Жулі ў гэтым спектаклі. Дыплом “За найлепшае выяўленчае рашэнне” дастаўся пастаноўцы “Фауст. Первый опыт” Цвярскога тэатра юнага гледача. “Дэбютам” форуму быў названы Арцём Курэня за ролю Данілкі ў спектаклі “Раскіданае гняздо” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, а акцёра Цвярскога тэатра юнага гледача Андрэя Іванова адзначылі за ролю Фаўста ў целе Мефістофеля ў спектаклі “Фауст. Первый опыт”. Спецыяльны дыплом за найлепшую моладзевую пастаноўку атрымаў Невялікі драматычны тэатр з Санкт-Пецярбурга за спектакль “Преступление и наказание”.
Найлепшым акцёрам фестывалю быў названы акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага Уладзімір Глотаў за ролю Малога ў спектаклі “Оракул?”, а найлепшай актрысай – Тэрэза Вайнбах за ролю Лолы ў спектаклі “Бар “У кракадзіла”.
І нарэшце, пад барабанны бой быў названы пераможца форуму: Гран-пры фэсту атрымаў спектаклю “Мистрас” у пастаноўцы Вільнюскага дзяржаўнага Малога тэатра.
Марыя Гілёва