Будаўніцтва перліны беларускага сярэднявечнага дойлідства — Лідскага замка — распачалося ў 1323 годзе па загадзе вялікага князя літоўскага Гедыміна. Магутная фартэцыя павінна была супрацьстаяць нападам крыжакоў, а месцілася яна ў балоцістым краі, там, дзе рэчка Каменка ўпадае ў раку Лідзею — на створаным з пяску і гравію штучным востраве. Пабудаваны абарончы замак-кастэль меў чатыры сцяны, дзве вежы. Самая вялікая сцяна павернута на поўнач — адтуль ішла пагроза, — а перад ёй знаходзіўся глыбокі роў, запоўнены вадой… Задача сучасных дойлідаў увогуле, як лічыць галоўны архітэктар і навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі гэтага помніка, архітэктар інстытута “Мінскпраект” Наталля БАРАНЕЦ, — аднавіць колішнія славутасці на роднай зямлі. Адной з “першых ластавак”, разам з Нясвіжскім і Мірскім замкамі, станецца Лідскі кастэль. Пры гэтым велічная пабудова павінна ўвабраць у сябе і функцыянальнасць ХХІ стагоддзя.
Як “упісаць” ХХІ стагоддзе ў замак Гедыміна?
Як бачыў вялікі князь
– Наша творчая група, – распавядае Наталля Міхайлаўна, – займаецца праектам рэстаўрацыі Лідскага замка з 2005 года. Напачатку зрабілі эскізны праект, сабралі матэрыялы, вялікая праца ажыццёўлена па фіксацыі гістарычных звестак. Лідскі замак – кастэль, ён не з’яўляецца магнацкім, таму не павінен трактавацца ў адным спісе з Любчанскім, Гальшанскім, якія таксама патрабуюць аднаўлення. Хочацца верыць, што ў даволі хуткім часе мы зноў ператворымся ў краіну замкаў. Зрэшты, нельга казаць, што ў нас мала помнікаў архітэктуры. У нас толькі пад Мінскам іх вялікая колькасць! Гэта закінутыя палацы, сядзібы, паркі… Галоўнае, каб дахі былі ў гэтых будынках, бо без іх пабудовы цяжэй аднаўляць. У Лідскім жа замку не было дахаў, вежы яшчэ ў 1702 годзе былі ўзарваны шведамі. У 1794-м разбурэнне давяршылася. Пасля гэтага замак не аднаўляўся…. Працуючы на аб’екце, убачылі: спробы правесці рэстаўрацыю былі і раней. Вядома, што “Белрэстаўрацыя” пачала займацца ў 1990-я аднаўленнем Лідскага замка. Але на той час не было ні адпаведнага фінансавання, ні рабочых. У выніку работы на аб’екце аказаліся выкананымі далёка не па праекце, што прывяло з цягам часу да пэўных разбурэнняў. Цяпер у замку- няўстойлівая заходняя сцяна, бо не зусім добра выканана бутавая кладка- старадаўні будаўнічы прыём, калі паміж двух бакоў кладкі засыпаецца раствор з цэглай, рэшткамі камянёў. Сцяна аказалася непакрытай, і, трапляючы ў гэтую поласць, вада ў халодную пару года замярзала. Не да канца закансервавана і паўднёва-заходняя вежа, якую таксама не накрылі. Сёння на гэтых участках працуюць даследчыкі. Тэкст цалкам.