Звычайна Ноч музеяў у Магілёве бывае не надта захапляльнай — максімум гледачы могуць убачыць фаер-шоу і паўдзельнічаць у нескладаных віктарынах. Аднак з кожным годам свята ўсё ж удасканальваецца, і часам праходзяць вельмі цікавыя мерапрыемствы. Так, за дзень да афіцыйнага правядзення Ночы музеяў у гарадской ратушы можна было згуляць у ENCOUNTER.
ENCOUNTER — гэта міжнародная сетка гарадскіх гульняў, прыгодніцкія, творчыя, інтэлектуальныя гульні, якія праводзяцца ў рэальным свеце, на вуліцах гарадоў больш чым у 20 краінах. У Магілёве клуб аматараў такіх гульняў працуе ўжо даволі даўно, аднак упершыню такая акцыя прайшла на «афіцыйным» узроўні, у адным з самых вядомых музеяў горада. І толькі дзякуючы такой гульні многія, напэўна, упершыню абышлі ўсе залы гарадской ратушы, разгледзелі ўсе экспанаты і пабывалі на самым яе версе — у месцы, дзе пераводзяць гадзіннік.
Наведнікі музея ў гэты вечар маглі атрымаць лісток з заданнямі на ўваходзе і пабываць у пошуках адказаў у самых незвычайных месцах. Заданне ўключала ў сябе 9 пытанняў, адказы на якія можна было знайсці ў адной з пяці залаў музея, на самым версе ў вежы з гадзінным механізмам (дарэчы, наведнікаў туды раней не пускалі, так што многія ўпершыню ўбачылі гэты механізм), а таксама ў склепе каля ратушы. Некаторыя заданні былі даволі простымі, а ў пошуках іншых адказаў даводзілася па некалькі разоў абыходзіць выставачныя залы. Супрацоўнікі музея імкнуліся дапамагчы гульцам, але многія з іх і самі не ведалі адказаў на некаторыя пытанні, так што гульня атрымалася вельмі цікавай не толькі для наведнікаў.
Таксама магілёўцы ў гэты вечар маглі паслухаць канцэрт класічнай музыкі ў адной з залаў музея. Ну а ўвечары ўсіх чакала традыцыйнае ўжо фаер-шоу.
Марыя Гілёва