“А чаму вы не напішаце пра Сялец? – аднойчы пацікавілася ў мяне ўраджэнка гэтай вёскі Валянціна Дабрыніна, складальніца адметнага сямейнага радаводу. – У нас нарадзілася так шмат пісьменнікаў, і ўвогуле мястэчка цікавае”.
Я вырашыла прыслухацца да рэкамендацыі.
Загадка ад кіроўцы
Каб дабрацца да Сяльца, трэба спачатку даехаць да Бярозы на электрычцы, адкуль праз дзве гадзіны ў патрэбны бок штодзень рушыць аўтобус. Але добрае, тады яшчэ зімовае, надвор’е падказала не сноўдацца дарэмна па горадзе, а ісці да Сяльца пехатой. Калегі з Бярозы загадзя падказалі, што ад чыгункі да вёскі не больш за 10 кіламетраў, а людзі на Бярозаўшчыне бойкія і спагадлівыя – падвязуць.
Аўтаспыніць, праўда, не хацелася. Прыгнечанае зімой і горадам цела бадзёра адгукнулася на нечаканую фізічную нагрузку. Але калі ўжо непадалёу ад Сяльца ля мяне спынілася машына, я ўсё адно ўзрадавалася – і першы субяседнік сам ідзе на кантакт, і ногі ўжо пачалі адчуваць лёгкую стому.
Мужчына за рулём аказаўся чалавекам вясёлага нораву. Пачуўшы, што іду ад Бярозы, выпаліў: “Ногі ў дупу ўрастуць, як будзеш так шмат хадзіць!”, пасля чаго пацікавіўся, чаму я “паперлася ў такую далячыць”: “Няўжо з-за грошай? Дык табе ж капейкі заплацяць, толькі на памаду хопіць. А захочацца яшчэ і панчохі купіць”. Мне заставалася жартам паспадзявацца, што панчохі купіць муж, і дадаць, што люблю сваю працу. “Ой, люблю – не люблю! – не сунімаўся кіроўца, павярнуўшы ў вёску. – Сядзела б сабе ў якім офісе, і толькі пазуры фарбавалася б. І плацілі б больш”.
Але ў галоўным вясёлы кіроўца згадзіўся: Сялец варты таго, каб пра яго пісалі. “Тут жа мястэчка раней было, ведаеш?” – спытаў ён мяне, і трохі здзівіла, што для яго, звычайнага рабацягі, гэты факт мае нейкае значэнне. – Тут і падманвалі раней. – У сэнсе падманвалі? – Ну як цяпер у Бярозе падманваюць! – Маеце на ўвазе, што тут быў кірмаш? – Ну а як жа! Былі жыды, быў і кірмаш. На ім заўсёды падманваюць”.
Ля касцёла спадлівы і бойкі сын бярозаўскай зямлі мяне высадзіў, і я накіравалася на пошукі знакамітага тутэйшага краязнаўцы Мікалая Пейгана.
Настаўнік без настальгіі па СССР
Мікалай Пейган – былы настаўнік, які пенсійны вольны час бавіць з карысцю для сябе і іншых. На спонсарскія грошы – дапамог зямляк Мікалай Гаворка – ён падрыхтаваў два выданні краязнаўчай кнігі пра Сялец “Сяло ля Башты”. Прычым апошняе выданне выйшла ў сталічным выдавецтве “Кнігазбор”. Адметна, што Пейган некалі вучыўся ў адным класе з Алесем Разанавым, адной кампаніяй хадзілі яны на танцы ў суседнюю вёску.
Мікалай згаджаецца парасказваць пра гісторыю вёскі і робіць гэта, але ўвесь час збіваецца на нешта іншае, з чаго няцяжка зрабіць выснову, што мінулае Сяльца для даследчыка – пераважна вывучанае пытанне, а значыць ужо не надта цікавае. З большым імпэтам, чым пра сівыя стагоддзі, ён апавядае пра людзей і часы, якія помніць сам.
Мікалай Пейган абвяргае міф, што савецкі настаўнік атрымліваў гэтак шмат грошай, каб вядзенне дамашняй сельскай гаспадаркі было для яго чыстай звычкай, а не неабходнасцю. “Калі я пачаў працаваць, у Сяхневічах (першае месца працы Мікалая. – Аўт.) я атрымліваў 66 рублёў, 8 плаціў за кватэру. Пражыў там на напаўгалодным рэжыме. Ужо калі працаваў у Высокім, атрымліваў 103 рублі, 30 плаціў за кватэру, праўда, харчаваўся ў гаспадароў. І калі вярнуўся ў Сялец і мяне пасадзілі на голую стаўку, пачаў атрымоўваць 82 рублі. Максімум, што я зарабляў у тыя гады, гэта з улікам пасады завуча па выхаваўчай працы, на якую я пайшоў з роспачы, – было 145 рублёў. Я фізічна не мог зарабіць больш. А мой сусед-шафёр атрымліваў 200-250. Я марыў, ведаеце, пра што тады? Пайсці ў калгас працаваць старшынёй прафкама. Ён атрымліваў больш, чым старшыня калгаса. Здалі металалом, старшыні калгаса прэміяльныя не плацілі, а яму плацілі. Здалі нешта яшчэ, перавыканалі нейкі план – зноў яму плацяць. І хутка сям’я яго пачала ездзіць на машыне”.
Таму, калі дзеці Мікалая выраслі, і надышла пара ім вызначацца з прафесіяй, ён настойліва раіў старэйшаму сыну: “Ідзі ў сельскагаспадарчы. Паглядзі, тут маладзейшыя за мяне ўсе на машынах ездзяць, а ты паедзеш, я не ведаю, як цябе вучыць буду”. І сын паслухаўся.
Успамін пра прыгонніцтва
Чалавек, які на свае вочы бачыў функцыянаванне калгасаў, не верыць, што нехта, акрамя былых насельнікаў кантор, можа па іх сумаваць. Сам Мікалай Пейган займае паслядоўную крытычную пазіцыю ў адносінах да гэтак званай калектыўнай гаспадаркі. Яе нежыццяздольнасць праяўлялася не толькі ў макраэканамічных паказчыках, але і жыццёвых дробязях, заўважных кожнаму. Як ўсякі вясковы інтэлігент, ён востра іх адчуваў.
“Мы таксама былі напаўпрыгонныя, не гаворачы ўжо пра калгаснікаў. Мы залежалі ад таго калгаса цалкам. Выжыць на заробак было немагчыма, значыць трэба было трымаць нейкае свінчо, садзіць нейкую бульбу. Праблема поля, праблема гною – усё трэба было звяртацца. Гэта мая самая балючая рана”, – кажа Мікалай. У якасці найбольш характэрнага прыкладу, які паказвае “апусканне настаўніка ніжэй плінтуса”, мой суразмоца прыводзіць тыповую сітуацыю, калі ён мусіў, нязменна несучы бутэльку ў якасці хабару, дамаўляцца з п’янымі трактарыстамі, каб тыя адвеслі выпісаны з фермы гной на поле. А тыя ўдавалі з сябе вялікіх начальнікаў і давалі сябе ўгаварыць далёка не адразу. “Калі нехта гаворыць пра калгас з настальгіяй, я лічу, што гэта крывадушныя людзі”.
Міма касцёла
Пераважны кантынгент любой традыцыйнай вёскі Палесся – жанчыны ва ўзросце. Жанчын увогуле ў Беларусі больш, а сярод пажылых людзей і тым больш, бо жывуць яны даўжэй за сваіх мужоў і братоў. Але ў Сяльцы мне шчасціла чамусьці на мужчын. Спачатку кіроўца, што мяне падвёз, пасля краязнаўца, які параіў пазнаёміцца з яшчэ адным мужчынам – Міхаілам Багданчыкам, які, па яго словах, валодае добрай памяццю і аналітычным складам розуму. “Ён мне даў шмат каштоўнага матэрыялу для маёй кнігі,” – закончыў сваю рэкамендацыю Мікалай Пейган.
Ісці да Міхаіла трэба было міма касцёла Cвятога Аляксея, які дарэчы, мае зусім нетыповую гісторыю стварэння. Адзін год пабудовы мусіць выклікаць цікавасць – 1912. Як вядома, царскія ўлады катэгарычна насаджвалі на нашых землях праваслаўе, асабліва пасля паўстання 1863-64 гадоў, калі многія касцёлы гвалтам перарабілі ў праваслаўныя святыні. І вось праходзіць усяго паўстагоддзя – дробязь для таго непаваротлівага на падзеі часу, і імперская ўлада дае згоду на будаўніцтва храма для нямілых сэрцу каталікоў.
Але мясцовыя ведаюць, што свой касцёл у Сяльцы існаваў яшчэ ў 15 стагоддзі, а каралева Бона, што валодала нейкі час мястэчкам, пабудавала новы касцёл у 16 стагоддзі. Але падчас паўстання Каліноўскага яго разабралі, тут жа пабудаваўшы на ўдалым месцы новую праваслаўную царкву. Трэба аддаць належнае сяльчанам-каталікам, якія проста так пытанне не закрылі і ўсяляк дамагаліся аднаўлення касцёла. Дайшлі яныбыццам бы да самога цара Мікалая ІІ, які з нагоды нараджэння сына Аляксея вырашыў пайсці насустрач сяльчанам. Тыя ў сваю чаргу нібыта назвалі новы храм у гонар царэвіча. У час Заходняй Беларусі касцёл перажываў свае лепшыя часы. Функцыянуе ён і цяпер, але свайго ўласнага настаяцеля не мае: да нешматлікіх прыхаджан на нядзельную імшу прыязджае святар з Бярозы.
Вусныя сялецкія хронікі
З Міхаілам Багданчыкам і праўда аказалася размаўляць не сумна. Яго памяць захавала многія важныя дэталі сялецкай гісторыі. Некаторыя ён памятаў з пераказаў старэйшых людзей, многае трапіла і на яго жыццёвы досвед. З ягоных гісторый я б выдзяліла цікавы факт пра сялецкую школу, якая папярэднічала сучаснай камяніцы. Будавалася яна пры паляках, здалі яе ў жніўні 1939 года, каб 1 верасня дзеці пачалі там заняткі са сваімі польскімі настаўнікамі. А ў сярэдзіне верасня тут ўжо ўсталявалася савецкая ўлада. Дык мясцовыя актывісты ўсталявалі дзяжурства ля будынка, каб пакрыўджаныя палякі не спалілі навюткі будынак.
Яшчэ адна прыгожая, годная для міфалагізацыі, старонка сялецкай гісторыі тычыцца акупацыйнага жыцця пад немцамі. Тую самую школу, якую так няўдала для сябе пабудавалі палякі, пасля аблюбаваў нямецкі гарнізон. Сюды на працоўныя нарады прыходзілі сяляне з Сяльца і навакольных вёсак, а адзін пячнік працаваў пры гарнізоне пастаянна. І вось партызаны намовілі яго падкінуць у ежу нямецкіх салдат моцную атруту. Пячнік спачатку пагадзіўся, але, ужо стоячы перад катлом, перадумаў. Вечарам ён пайшоў на сустрэчу з “ляснымі братамі” і ўсё расказаў. Маладзейшы з двух партызан, што прыйшлі па справаздачу, хацеў яго тут жа застрэліць, але пячнік сказаў: “Лепш мяне аднаго застрэль, бо што было б, каб я кінуў тут атруту, з вёскай?”. Старэйшы з партызан, разважыўшы, адпусціў пячніка і забраў у яго атруту. “І пячнік вельмі правільна зрабіў, – рэзюмуе вясковы хранікёр. – Бо чаму спалілі Хатынь і іншыя вёскі? Бо партызаны нешта наробяць, а немцы пасля помсцяць. І нашы тое самае б рабілі”.
Пра сябе самога Міхаіл расказвае няшмат, але і ў яго біяграфіі знаходзяцца характэрныя дэталі яго часу. Напрыклад, тыповая беднасць калгаса прымусіла Багданчыка ў ліку многіх палешукоў шукаць жывы заробак у чужым краі. Не да твару было маладому хлопцу атрымліваць замест грошай нейкія працадні, за якія разлічваліся натурай раз на год. Нетыпова хіба тое, што ў адрозненні ад большасці мужчын, якія ехалі на будаўнічыя працы ў Расію і на сельскагаспадарчыя на Украіну, наш герой паехаў здабываць медную руду ў Свярдлоўскую вобласць, у былыя высыльныя мясціны. Пабыў там два гады, пачаў атрымліваць добры заробак, але захварэў на прафесійнае захворванне шахцёраў – сілікоз, і, вырашыўшы, што здароўе не купіш, вярнуўся дадому.
Яшчэ адным падарожжам па свеце – праўда, ужо на бясплатнай аснове – была для яго служба ў войску, якую ён адбываў ва Усходняй Германіі. З запамінальнага тут – служба ў камендатуры ў Веймары і ўспаміны, як немцы баяліся п’яных рускіх. “Ледзь бачаць п’янага ў горадзе – адразу тэлефануюць у камендатуру”. Баяцца п’яных усхідніх славян у немцаў былі падставы. Міхаіл прыгадвае, як савецкі салдат, напіўшыся, абсталяў кнайпу і забіў аднаго з наведвальнікаў. Той аказаўся ўплывовым чалавекам, і салдата напаткаў адкрыты паказальны працэс з асвятленнем у замежных СМІ і расстрэльным прыгаворам.
Так ці інакш, службу ў Германіі Міхаіл успамінае як адзіную магчымасць звычайнага савецкага вясковага хлопца пабачыць недзе за межамі Савецкага Саюза.
Апошні мужчына
З Сяльца я рушыла ў Бярозу за дзве гадзіны да цягніка, каб зноў разлічваць выключна на свае ногі. Але ледзь выйшла на трасу, ля мяне тут жа спынілася машына з чарговым бойкім і спагадлівым бярозаўчанінам. З працы ехаў будаўнік, які да вобраза мінулага Сяльца дадаў вобраз сучасны. Сказаў, што вёска-аграгарадок актыўна расстройвацца. “Часта нас сталі сюды наймаць, шмат дамоў ужо пабудавалі”. Не пыталася, ці афіцыйна ён працуе, каб не напружваць чалавека – хутчэй за ўсё неафіцыйна. “Расіяне дамы тут будуюць, ужо дзве сям’і пераехалі сюды. Прычым адна ніякага дачынення да Сяльца не мае. Проста прыехалі людзі ў госці, спадабалася, і як на пенсію выйшлі, пераехалі”.
Па меры таго, як мы адаляліся ад Сяльца, у нашую размову прыходзілі іншыя тэмы. Сялец застаўся ззаду. Але не для тых, каму ён родны.
Іна Хоміч, Брестский курьер