Заказнік – гэта водна-балотны комплекс агульнай плошчай каля пяці тысяч гектараў з прылеглымі землямі, які цягнецца ўздоўж рэчышча Свіслачы разам з вадасховішчам у вёсцы Карозічы і часткай вадасховішча, створанага ў месцы ўпадзення Свіслачы ў Нёман у Бераставіцкіх і Гродзенскім раёнах Гарадзеншчыны. Пра асаблівасці “Нёманскай Свіслачы” прадстаўнікі навуковых колаў, грамадскіх арганізацый, мясцовага кіраўніцтва размаўлялі на сустрэчы, што насіла назву “Нёманская Свіслач – наша агульная каштоўнасць і адказнасць”.
Пра асаблівасці гэтага рэгіёна расказвае загадчык кафедры батанікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алег Созінаў:
– Калі мы пачалі вывучаць гэты рэгіён, аказалася, што тут ёсць і вельмі рэдкія біятопы, што ахоўваюцца на ўзроўні Еўропы. Свіслач яшчэ ўнікальная тым, што яна робіць такі экалагічны калідор, вельмі важны для міграцыі птушак. Плюс высокая культура земляробства.
Пра адметнасці рэгіёна кажа Зміцер Вінчэўскі, намеснік старшыні гродзенскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны”:
– Нёманская Свіслач – гэта месца, якое здзіўляе нас штотыдзень. Мы прыкладна раз на тыдзень робім экскурсіі, на якія запрашаем і школьнікаў, і настаўнікаў, і аматараў назірання за птушкамі. Фактычна штонядзелі мы бачым нешта такое, чаго чакалі альбо не чакалі зусім. Вось самы свежы прыклад. Учора мы рыхтавалі месца пад інфармацыйныя шыльды ў вёсцы Ярмолічы. Пасля заходу сонца я капаю яму пад слуп і чую, што недзе ляцяць чаплі. Але крычаць вельмі дзіўна. Я падымаю галаву і бачу, што ляцяць чаплі кваквы. Гэта вельмі рэдкі для Беларусі від. Другая рэгістрацыя на гэтай тэрыторыі. Від, які вядзе начны лад жыцця. Убачыць яго вельмі цяжка, і ён зарэгістраваны на гнездаванні з 1999 года. Перад гэтым мы ездзілі дамаўляцца наконт сустрэчы. Мы павінныя былі праязджаць па дарозе, па якой праязджаем нячаста, і ўбачылі, што на правадах сядзяць залацістыя шчуркі, альбо шчуркі-пчалаедкі. Нам вядомая на Гарадзеншчыне адна калонія на Нёманскай Свіслачы. Сядзяць адпачываюць вельмі яркія трапічныя птушкі перад палётам на зімоўку ў Афрыку. Мы дамовіліся са старшынёй сельсавета і прывезлі і паказалі яму гэтых птушак. Такое бывае радзей, чым раз на год. А тут такія сюрпрызы здараюцца рэгулярна.
Адным з вынікаў сустрэчы стала ўрачыстае адкрыццё інфармацыйных шыльдаў пра прыродную каштоўнасць Нёманскай Свіслачы вакол нізіннага балота Грайна.
Андрэй Мялешка
Здымкі Андрэя Мялешкі