Першы вечар танцаў і жывой музыкі, прысвечаны беларускім звычаям і традыцыям, прайшоў у Маладзечне 14 кастрычніка. Арганізатары праекта – цэнтралізаваная клубная сістэма Маладзечанскага раёна і студэнцкае этнаграфічнае таварыства.
Чаму ўдзельнікі вечара танцавалі «без памяці» і якой была атмасфера на мерапрыемстве, Край.бай распавяла намеснік дырэктара цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна па творчай працы Маргарыта Шытыка.
– Мне здаецца, наша першая сустрэча прайшла вельмі добра. Атмасфера была прыязнай і нязмушанай, – адзначыла яна. – Больш за ўсё мяне ўразіла, з якім запалам і гарачымі вачыма танчыла наша моладзь. Было бачна, што яны гэта робяць з вялікім задавальненнем.
Усяго на першыя «Вячоркі» прыйшлі каля 30 чалавек. Мерапрыемства доўжылася каля паўтары гадзіны, на працягу якіх маладзечанцаў вучылі танцаваць лявоніху, кракавяк, польку, крыжачок. У перапынках музыкі распавядалі ўдзельнікам вечара пра асаблівасці кожнага народнага танца.
Арганізатары мерапрыемства таксама навучылі прысутных гуляць у «дзюрачку» і ўручылі некалькі прызоў.
Наступная сустрэча на «Вячорках» адбудзецца 28 кастрычніка ў 18.30. Уваход вольны.
Кацярына Сушко
Фота прадастаўлены цэнтралізаванай клубнай сістэмай Маладзечанскага раёна