27 чэрвеня налібачане адсвяткавалі Дзень мястэчка. Урачыстасці пачаліся раніцай святочнай імшой у касцёле Ўнебаўзяцца Найсвяцейшай Марыі Панны, а завершыліся дыскатэкай у мясцовым Доме культуры раніцай наступнага дня. Глядзіце фотасправаздачу святкавання.
Свята пачалося ўрачыстым шэсцем ад вёскі Каменка (мікрараён Налібак). Калону ўзначальваў духавы аркестр. Звярніце ўвагу, якая дагледжаная дарога ў нашай вёсцы. Гаспадары, што тут шмат казаць.
Прыгожыя жанчыны ў прыгожых строях – гэта ўдзельнікі ансамбля “Валошкі” Дзераўнянскага цэнтра культуры.
Для ўдзельнікаў урачыстасці налібачане падрыхтавалі святочныя сталы. Усяго іх было пяць. А гэта во першы. Гасцей сустракаюць Ганна Зялёнка і Марыя Годыль.
Налібацкія гарманісты. У цэнтры стаіць налібачанін Станіслаў Годыль, легендарная асоба ў гісторыі Налібак. Яму мы прысвяцім асобны допіс. На здымку вы бачыце і налібацкага пробашча – ксяндза-каноніка Мар’яна Шэршаня. Злева ад яго – Фэлікс Мазун, уладальнік самай прыгожай сядзібы ў Налібаках. Неўзабаве яго сядзібе будзе прысвечаны асобны фотарэпартаж.
“Валошкі” віншуюць налібачан.
А гэта наш войт – старшыня Налібацкага сельсавета Аляксандр Пілінкевіч. Дзякуючы яго дбайнасці наша вёска харашэе з кожным днём. Дарэчы, гэта ён арганізаваў Свята мястэчка.
Налібачанкі слухаюць віншаванні.
Во якія модныя ў нас людзі. Налібачанін “ад дзеда-прадзеда” пан Акуліч.
Затым шэсце рушыла ў Налібакі па вуліцы Віленскай (цяпер Садовая).
На Віленскай вуліцы “прыпынак” шэсця быў каля сядзібаў Чарняўскіх і Чыжэўскіх.
“Валошкі” віншуюць самага старога налібачаніна – 101-гадовага Яна Чарняца.
А гэта ўжо застолле на Школьнай вуліцы.
Гасцей вітае акторка Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра Любоў Пукіта (Міцкевіч), ураджэнка Налібак.
Полечку-трасуху з “валошкай” выконвае старшыня Стаўбцоўскага райcавета Аркадзь Казякоўскі.
А 13 гадзіне на пляцоўцы каля Дома культуры пачаўся 5-гадзінны канцэрт музыкаў са Стоўбцаў, Івянца, Маладзечна, Мінска.
Дырэктар школы ў Налібаках Вікторыя Высоцкая знаёміць гасцей фэста з гісторыяй Налібак.
Падчас канцэрту адбывалася ўганараванне самых актыўных і зааслужаных налібачан. Усе яны атрымалі каштоўныя падарункі.
Шчыра і без прыўкрас – канцэрт быў вельмі сімпатычны і музычна бездакорны.
Адразу ж на пляцоўцы можна было выбіць манету з налібацкім гербам і датай першага ўзгадвання мястэчка.
А вось такія файныя значкі атрымлівалі ўдзельнікі фэста.
Значкі раздаваў сам старшыня сельсавета Аляксандр Пілінкевіч.
Пасля 18 гадзіны святкаванні перамясціліся ў налібацкія падворкі і сады.
Фота і апісанні ДГ, nalibaki.org