Удзельнікі першага мінскага архітэктурнага форуму прадставілі сваё бачанне таго, як мусіць выглядаць беларуская сталіца ў недалёкай будучыні. Іх горад мала падобны да цяперашняга: заводы ператварыліся ў арт-аб’екты, на Свіслачы займаюцца ўрбан-фішынгам, на цэнтральных вуліцах створаныя ўсе ўмовы для ланчу, а ў Шабанах праходзяць фэсты.
Над сваімі праектамі ўдзельнікі першага мінскага архітэктурнага форуму працавалі з тыдзень. Кожную групу маладых архітэктараў і дызайнераў узначаліў трэнер, які дапамагаў знайсці найбольш слушнае рашэнне наконт таго, як найбольш карысна ды эфектыўна запоўніць гарадскую прастору.
“Беларускі Галівуд” на Кастрычніцкай
Праект групы на чале з Пятром Вінаградавым зваўся “Пункты прыцягнення”. Пасля дэтальнага вывучэння цэнтра Мінска ўдзельнікі групы вырашылі разгрузіць яго, стварыўшы іншыя месцы прыцягнення, дзе можа віраваць жыццё. Грунтаваліся на сусветным досведзе засваення прамысловых кварталаў. Такім чынам, замест тралейбуснага дэпо прапануецца адкрыць “Арт-дэпо”, актывізаваць вуліцу Чырвонаармейскую, якую можна забудаваць элітным жытлом, падвысіць значнасць вуліцы Кастрычніцкай, зрабіўшы з яе вуліцу-брэнд. Менавіта там у іх уяўленнях мусіць знаходзіцца “беларускі Галівуд”, ну а пры канцы праспекта Машэрава ў іх плане месціцца Спартовая плошча – вялікая спартовая пляцоўка пад адкрытым небам.
Мамант ва Уруччы
Адзін з самых цікавых праектаў прапанавала група на чале з Міхаілам Сцяпурам. Ён зваўся “Гарадскія вёскі як альтэрнатыва гарадскому цэнтру”. Праектавальнікі паспрабавалі перанесці частку функцый цэнтра Мінска на перыферыю, каб зрабіць жыццё там больш насычаным. Дзеля гэтага яны прапанавалі зрабіць так, каб мікрараёны не былі падобнымі адзін да аднаго. Паставіць, напрыклад, ва Уруччы інсталяцыю маманта, бо падчас будаўніцтва метро тут знайшлі яго парэшткі. А вакол яе зладзіць пляцоўкі для адпачынку. Даволі слушная прапанова ў тым, каб у мікрараёнах надаць больш увагі арганізацыі пешаходнага руху ды велатранспарту і тым самым разгрузіць тэрыторыю ад аўто ды палепшыць якасць асяроддзя.
“Вы толькі ўявіце, я працую ў бізнэс-парку, які патанае ў зеляніне, на працу дабіраюся пехам праз зялёную зону, у абед адпачываю ў паркавай зоне для адпачынку, дзе ёсць вай-фай”, — дзеліцца сваімі ўяўленнямі Міхаіл Сцяпура, а потым скіроўвае ўвагу публікі на раён Шабаны. Праз 10 гадоў архітэктару ён уяўляецца так: “Наш горад зрабіўся постіндустрыяльным, прадпрыемствы пераехалі за яго межы, а завадскія карпусы апусцелі, там цяпер музеі і галерэі. У наш раён прыязджаюць замежнікі, і жыццё там віруе так, што ніхто не думае ехаць у цэнтр горада. У Шабанах праводзіцца нямала цікавых мерапрыемстваў і фэстаў”, — заканчвае пад воплескі Міхась.
Урбан-фішынг на Свіслачы
Група, якая працавала пад кіраўніцтвам польскай архітэктурнай суполкі “+48”, сваю ўвагу звярнула на раён, дзе прыгожа выгінаецца рака Свіслач (там, дзе завод імя Кірава і вуліца Кастрычніцкая). Іх праект завецца “Сашчэпка”. Гэтае месца архітэктары параўналі з Венецыяй і Амстэрдамам, дзе каналы ў межах горада вельмі актыўна выкарыстоўваюцца. Іх прапанова — насыціць жыццём гэтае месца. За студэнцкімі інтэрнатамі пабудаваць адукацыйны цэнтр, захаваць старыя завадскія будынкі і працягнуць тэндэнцыю, змяшчаючы там офісы, студыі, галерэі, кавярні і асаблівую ўвагу надаць Свіслачы і ваколіцам. На іх макеце — адмысловыя месцы для лоўлі рыбы ў выглядзе плытоў і нават басейны з падагрэвам. Свіслач можа стаць месцам для заняцця ўрбан-фішынгам, упэўненыя праектавальнікі.
Шыльда-трансформер для ланчу
Група Андрэя Каравянскага думала над стварэннем у Мінску будучыні ланч-асяродку, г.зн. месцаў, прызначаных для адпачынку і спажывання ежы, прынесенай з сабой. Яны прапанавалі вялікую колькасць праектаў гарадской мэблі з брусу, пластыку, металу і бетону. Лавы і крэслы з металу і бетону — самыя практычныя ды эканомныя, а да ўсяго, ім не страшныя вандалы. Адна з канкрэтных прапановаў — рэкламная шыльда-трансформер, якая лёгка і проста пераўтвараецца ў месца для ланчу.
Каворгінг на заводзе Арджанікідзэ
Раён прамысловых забудоваў на Кастрычніцкай наогул самы прыцягальны для маладых архітэктараў. Monogroup узялася за праект “Крэатыўны горад” з мэтай стварэння прасторы ў цэнтры горада для творчай супольнасці сталіцы. Паводле іх задумы, гэта мусіць быць вялікі будынак, дзе спалучылася б крэатыўная стваральная дзейнасць і баўленне вольнага часу. Месца, дзе фактычна можна праводзіць 24 гадзіны ў суткі. Тут мусяць быць не проста офісныя памяшканні, а каворкінг-цэнтр, калі пэўная творчая суполка здымае памяшканне на нядоўгі тэрмін. Тутсама побач з лабараторыямі, творчымі студыямі, медыятэкай — кавярні, душавыя, пакоі адпачынку ды шмат чаго яшчэ. Месца, якое больш за ўсё пасуе пад стварэнне такога цэнтра, — на думку Monogroup, завод імя Арджанікідзэ, што ў раёне плошчы Якуба Коласа, і будынкі заводаў на вуліцы Кастрычніцкай. Праектавальнікі ўпэўненыя, што стварэнне такога аб’екта паспрыяе развіццю малога і сярэдняга бізнэсу ды паўплывае на скарачэнне ўцечкі мазгоў за мяжу.
Архітэктурны форум засведчыў, што гарадская прастора сталіцы можа актыўна і крэатыўна засвойвацца. І так хочацца верыць, што шмат якія прапанаваныя праекты будуць рэалізаваныя не толькі на паперы.
Мікалай Дубавіцкі, фота – Аляксандр Ждановіч