Адпраўляцца ў падарожжа без папярэдняга плана і ператвараць паездку ў сапраўдную прыгоду раяць Раман Свечнікаў і Барыс Нікалайчык.
Барыс Нікалайчык (злева) і Раман Свечнікаў. Фота: Вадзім Якубёнак
Сустрэча з турыстамі-авантурыстамі, аўтарам кнігі «Рома Едзе» і былым рэдактарам сайта 34mag.net, прайшла ў Брэсце 26 ліпеня. Хлопцы зазірнулі ў горад падчас сваёй паездкі па Беларусі і заадно падзяліліся ўражаннямі ад яе з усімі жадаючымі. Па краіне яны падарожнічаюць на беларускіх роварах, на якія пастаўлены кітайскія маторы. І не без прыгод.
«Мы карыстаемся наступнай філасофіяй, – адзначылі Раман і Барыс. – Да падарожжа нельга рыхтавацца. Калі вы возьмеце з сабой матацыкл або аўтамабіль, нагрузіце намётаў на розную пару года, у вас будзе набор інструментаў ад А да Я, то вам будзе сумна. Вы будзеце ведаць маршрут, славутасці, людзей, у якіх спыніцеся. Але прыгодаў не будзе. Чым больш планаў вы будуеце, тым менш шанцаў будзе пажыць у дарозе».
Фота: dzedzich.org
Кіруючыся гэтай парадай, выбраць першы пункт паездкі вандроўнікі даверылі выпадку. А менавіта: прыйшлі на вакзал і селі ў першы цягнік – на Оршу. Так маршрут складаецца i цяпер: дарога плануецца кожную раніцу.
«Опасные ребята» (менавіта так яны падпісаныя ў сваім инстаграме aroundbelarus) распавялі пра тое, як кожныя тры дні даводзіцца рамантаваць ровары, якія працуюць «на самазнішчэнне». Прызналіся, што памідоры і маянэз становяцца шыкоўным абедам, і паказалі «калекцыю» здымкаў з помнікамі Леніну, якую збірае Барыс.
Гаварылі і пра людзей. «Часам бачыш такіх людзей, ад якіх становіцца балюча, страшна. Не ад людзей, а ад іх жыцця, поглядаў, нянавісці. А часам бачыш вельмі светлых людзей, якія радуюцца таму, што ёсць, якія разумеюць, што можна рабіць простыя, цікавыя, карысныя справы на тым месцы, дзе яны ёсць. Калі табе не падабаецца, то ты перамяшчаешся. Увогуле, сумаваць не варта, таму што засмучэнне вядзе ў нікуды», – адзначыў Барыс.
Фота: dzedzich.org
Сустрэча стала першай у серыі публічных гутарак, якую запусціла агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч». Пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы можна будзе з музыкамі, пісьменнікамі, мастакамі, экспертамі ў сваіх галінах. Плануецца, што сустрэчы будуць праходзіць некалькі раз на месяц у офісе «Дзедзіча» (вул. Маякоўскага, 46 – 1).
Таццяна Гапеева, Брестская газета