Фінал конкурсу школьных камандаў “Што я ведаю пра Еўропу?” адбудзецца 20–21 чэрвеня ў в. Ракаў Валожынскага раёну ў форме каманднага спаборніцтва, дзе вызначыцца каманда-пераможца гэтага году.
Нацыянальны конкурс школьных камандаў “Што я ведаю пра Еўропу?” праходзіць сёлета ў нашай краіне ўжо ў шосты раз. У гэтым годзе конкурс адбываецца ў межах агульнанацыянальнай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” Яго арганізатары – ініцыятыўная група па стварэнні “Клубу еўрапейскіх настаўнікаў”, зарэгістраванае ў Польшчы Беларускае Шуманаўскае Таварыства, а таксама Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Мэта конкурсу ў гэтым годзе – актуалiзацыя ведаў пра культурна-гістарычныя сувязі Беларусі і Еўропы, пра культуры і традыцыі еўрапейскіх краін, пра сучасныя культурныя сувязі Еўропы і Беларусі.
Сёлетні конкурс на тэму “Беларуская культура ў еўрапейскім кантэксце” распачаўся ў красавіку са збору заявак. Зацікаўленасць ва ўдзеле выказалі 13 камандаў з розных куткоў Беларусі. Адборачны тур прайшоў з 1 па 17 мая ў форме пісьмовых адказаў на конкурсныя заданні, якія былі арыентаваныя на вучняў 7–9 класаў.
Пераможцамі адборачнага туру сталі каманды мінскіх школ № 207 і № 131, а таксама каманда лідскага еўраклубу “Дзе мы?” і Талькаўскай СШ з Пухавіцкага раёну.
Гiсторыя конкурсу бярэ пачатак у 2004 годзе, калi памiж школьнымi камандамi прайшло першае спаборнiцтва на веданне гiсторыi Еўрапейскага Саюзу i гiсторыi Еўропы. Пераможцам тады стала каманда Ждановiцкай СШ (Мінскі р-н).
У 2005 годзе конкурс праходзiў у два этапы: рэгiянальныя паўфiналы і фiнал у Мiнску. Перамога дасталася камандзе Расонскай СШ iмя П. Машэрава.
У 2006 годзе тытул пераможцы па выніках паўфіналаў і фіналу перайшло да каманды Славянскай гімназіі з Бабруйску.
У 2007 годзе конкурс праходзiў у адзiн этап, пераможцам якога стала каманда школьнага Еўраклубу “Дзе мы?” (г. Ліда).
У 2008 годзе конкурс зноў праходзіў у два этапы: першы тур (паўфінал) – пісьмовы тэст, другі тур (фінал) – камандныя спаборніцтвы. Пераможцамі ўпершыню сталі школьнікі са сталіцы – каманда мінскай СШ № 207.
Каманды-пераможцы конкурсу ўзнагароджваліся паездкамі ў Варшаву, Брусэль, Вільню, Кіеў.