Восем паэтаў, сярод якіх былі ўжо вядомыя творцы Ганна Аўчыннікава і Антон Янкоўскі, узялі ўдзел у трэцім гарадзенскім слэме. Новыя вядоўцы, большасць новых паэтаў і сістэма адбору з дапамогай шумамера – гэтым слэм адрозніваўся ад папярэдніх. Кожны з удзельнікаў атрымаў прызы ад Гарадзенскай бібліятэкі і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
Першы гарадзенскі слэм адбыўся 24 красавіка 2013 года ў дворыку арт-галерэі “Крыга”. Арганізатарам стаў цэнтр “Трэці сектар”, а яго прадстаўніца Алеся Седзянеўская расказала пра адрозненні гэтага слэму ад папярэдніх:
– Усцешыла, што сама публіка была вельмі актыўная, задавала пытанні паэтам. Склалася ўражанне, што сабраліся адны аматары паэзіі. Ганна Ліпчанская, якая мінулым разам была проста госцяй, прачытала прыдуманы верш-маналог ад удзельніка слэму. Гэтым разам яе запрасілі паўнавартасным “слэмерам” – і яна перамагла.
Пераможца трэцяга слэму Ганна Ліпчанскага кажа, што яе вершы – пра “самыя простыя рэчы, важныя для кожнага: пра моманты і хвіліны шчасця. Шчасця ва ўсім, шчасця, якое побач з намі кожны дзень. Я думаю, што гэтыя словы былі вельмі зразумелыя людзям”.
На думку Ганны, розніцы паміж другім і трэцім гарадзенскім слэмамі амаль не адчувалася.
Вядоўца і адначасова ўдзельнік слэму Антон Янкоўскі кажа, што “ў параўнанні з папярэднім на гэтым слэме з’явіліся новыя людзі, ажно чатыры чалавекі, якія вырашылі сябе паспрабаваць. Вельмі добра, што слэм расце, удасканальваецца, што паляпшаюцца крытэры ацэнкі, што прыходзіць больш людзей і ствараецца асяродак паэзіі”.
Скончыўся трэці гарадзенскі слэм выступам мінскага гурта Handmade у дворыку антыкавярні “Жывы Час”.
Андрэй Мялешка
Фота Андрэя Мялешкі