Стваральнікі часопіса “ЗАБЕЙ!ІНФО” прэзентавалі 11 нумар самаробнага выдання ды зладзілі лекцыю пра супольнасць “Забей” у кавярні “Добрыя мыслі” 11 лютага.
Суполка “Забей” утварылася ў 2006 годзе на падмурку грамадзянскае ініцыятывы “Час”. Амбіцыйныя ініцыятары распачалі сваю дзейнасць з турніру па футболе сярод дваровых камандаў. Спачатку на глебе спорту ўдалося аб’яднаць мінскіх прыхільнікаў футболу, а далей турніры пачалі ладзіцца яшчэ ў 8 гарадах Беларусі. Праз час з ініцыятывы вылучыўся шэраг аб’яднанняў і суполак, сярод якіх праекты “Мы – дзецям”, “Пошук” ды інш. У 2007 годзе на свет з’яўляецца самвыдат “ЗАБЕЙ!ІНФО”, а супольнасць пачынае фармуляваць акрэсленыя ідэі сваёй дзейнасці.
Адзін са стваральнікаў “Забей” Міхась Волчак:
– Праект “Забей” – гэта сацыяльна-культурнае дзеянне для стварэння права на прастору ў межах этнасу, краіны і культуры. Калі разглядаць этымалогію слова “забей” , то мы бачым яго ў іншым святле. Можна забіць гол, забіць сабе месца ў гісторыі, забіць на абыякавасць, быць дзёрзкім.
Сярод іншага ў межах праекту “Забей” дзейнічае рэгулярны адкрыты кінапаказ “Кінабункер”, дзе на прыкладзе кінастужак і відэашэрагаў разглядаюцца праблемы сучаснага грамадства.
ЗІН “ЗАБЕЙ!ІНФО” – некамерцыйны самвыдат, што распаўсюджваецца праз інтэрнэт ці непасрэдна з рук у рукі.
Адзінаццаты нумар выдання – падарожжа па праблематыках ад культуры да футболу, ад металу да гісторыі праз спробы крытыкі і эсэістыкі. Адзінаццаты ЗІН сабраў матэрыялы аб эканоміцы і адукацыі, паэзіі і мастацтве, а таксама змяшчае маніфест стваральнікаў праекту.
Спампаваць 11 нумар “”ЗАБЕЙ!ІНФО” можна тут.
На фота – Міхась Волчак і ўдзельніца праекту Святлана Ермаковіч