Доўгачаканую кнігу, прысвечаную раёну гістарычнага Гродна – Новаму Свету, якая выйшла з-пад пяра гісторыкаў Андрэя Чарнякевіча і Ігара Трусава, гарадзенцы змогуць пабачыць у чацвер, 11 чэрвеня .
Гарадзенскі Новы Свет – унікальны кавалак гістарычнага Гродна, які сёння знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. У раёне вуліц Астроўскага-Міцкевіча-17 верасня-Горкага гарадзенскія ўлады плануюць збудаваць шэраг пяціпавярховых дамоў «элітнай» забудовы. На месцы дамоў па вуліцы Валковіча плануецца пабудаваць супермаркет… Між тым менавіта тут як нідзе ў іншым раёне нашага горада захавалася яго старадаўняя атмасфера, дух сяброўства і ні з чым не параўнальная атмасфера гарадской ускраіны.
Героі кнігі – сям’я Багдановічаў, польскі генерал Здзіслаў Цыпельт і рускі манархіст Георгій Маісееў, беларускі гісторык Вацлаў Пануцэвіч і рускі пісьменнік Юрый Олеша… многія знакамітасці, лёс якіх быў звязаны з гарадзенскім Новым Светам. Але галоўныя героі кнігі – беларусы, палякі, яўрэі, украінцы, немцы, рускія, татары, усе, для каго Новы Свет стаў тым месцам, адкуль яны крочылі ў дарослае жыццё.
У кнізе вы знойдзеце не толькі шэраг выключна цікавых фактаў з гісторыі нашага горада, але зможаце таксама прагледзець вялікую колькасць ілюстрацый (старых і сучасных фотаздымкаў, карт, планаў і малюнкаў), якімі аздоблена гэтая кніга.
Прэзентацыя кнігі адбудзецца 11 чэрвеня у 18.30 у памяшканні Таварыства беларускай школы па вуліцы Будзёнага 48а. З увагі на тое, што наклад кнігі вельмі абмежаваны, бадай што толькі пад час гэтага мерапрыемства кожны жадаючы зможа стаць уладальнікам асобніка гэтай кнігі.
Запрашаем.