У культурных падзеях у фестывальным Віцебску ўзяў удзел мастак Алесь Пушкін.15 ліпеня віцебчане прыйшлі на сустрэчу з ім ў творчую прастору VZAP па вуліцы Кастрычніцкай, 2, дзе вядомы манументаліст і арт-актывіст прадставіў сваю інсталяцыю з 12 частак “Вокны Беларускай Народнай Рэспублікі”. Гэта праца дэманстравалася сёлета ўпершыню ў вёсцы Бобр.
На скрыжаванні вуліц Кандраццева і Рэвалюцыйнай, непадалёку ад Дома- музея Марка Шагала Алесь Пушкін узяў удзел у перформансе “ За сцяной”, ідэю якога прапанавала мастачка беларускага паходжання Таццяна Тур. Таццяна нарадзілася ў Гомелі, жыла ў Воршы, а зараз вучыцца ў Ізраільскай Акадэміі сучаснага мастацтва “Бэцэлель”. Яна праяўляе сябе ў розных формах мастацтва, піша карціны алеем, займаецца скульптурай і шклом.
У адзін з сонечных дзён мастак удзельнічаў у вулічным пленэры майстроў ля віцебскай ратушы, пісаў алоўкам партрэты з натуры, шчыра кантактаваў з іншымі жівапісцамі і народнымі майстрамі, дзяліўся з калегамі сваімі навінамі і здабыткамі. Пра галоўныя падзеі прамінуўшых пяці гадоў мастак распавёў:
-Найбольш важнай за прайшоўшыя гады была праца над Містэрыяй Госпада Ісуса Хрыста ў пасёлке Беразінскае ў супрацы з ксяндзом-канонікам Сяргеем Бараўнёвым. У гэтым годзе важнымі для мяне былі выставы ў Вене, у Калінінградзе і ў горадзе Светлым. З беларусамі Калініградскай вобласці і з суполкай аўстрыйскіх мастакоў я зрабіў значныя выставы па экспарце беларускага мастацтва.
Два гады таму нарадзіўся ў мяне нарадзіўся ўнук Марцін. Сын Міколка паступіў у Беларускі гуманітарны ліцэй імя Коласа, цікавіцца гісторыяй і біялогіяй. У жніўні ён паедзе ўпершыню ў Мінск на летнюю сесію. Жонка Янечка атрымала ад Таварыства беларускай школы магчымасць прайсці курсы павышэння кваліфікацыі, выграла конкурс і ў ліку сямі настаўнікаў Беларусі ездзіла на стажыроўку па медыйнай адукацыі настаўнікаў гісторыі ў Кальмар, у Швецыю.
Цэлы год доўжыцца выстава “ Беларускі сучасны сядзібны партрэт” у панскім маёнтку Сула пад Мінскам, дзе выстаўлены 20 маіх прац. Гэта партрэты розных гадоў, прысвечаныя такім знаным асобам, як Іван і Антон Луцкевічы, так і незнаным персанажам: Эвеліна, алегарычныя вобразы. Сярод іншых я напісаў партрэт Сяржука Доўгушава, які прадстаўлены ў Суле.
Прыемна, што жанр сядзібнага партрэта запатрабаваны ў нас і такое месца, як Сула мае вялікую калекцыю. Важным было адкрыццё маёй галерэі ў арт-спа цэнтры ў вёсцы Гумны Крупскага раёна, якое адбылося 29 сакавіка гэтага года.
Эла Дзвінская, фота аўтара